Цікавая навіна: у Беларусь без асаблівага анансаваньня запрасілі групу ўкраінскіх журналістаў. Заўтра для іх ладзяць прэсавую канфэрэнцыю афіцыйнага кіраўніка.

Раней айчынныя ўлады практыкавалі падобныя туры для расейскай прэсы. Апошні адбыўся прыканцы верасьня.

Прычым менавіта 29 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг жорсткіх выказваньняў на адрас Крамля. У прыватнасьці, прагучала фраза пра разрыў дачыненьняў у выпадку, калі газ зробіцца надта дарагі.

На думку аналітыкаў, тыя выказваньні толькі раззлавалі Маскву. Ва ўсялякім разе, інфармацыйная вайна з нафтагазавым прысмакам абвастрылася.

Мусіць, надалей з арганізацыяй падобных тураў беларуская амбасада ў белакаменнай можа зьведаць праблемы. Бо Менск такім чынам прасоўвае свой піяр у расейскія рэгіёны. Ці трэба гэта Крамлю, пытаньне рытарычнае.

Так што прыйшла чарга зьведаць беларускую гасьціннасьць прадстаўнікам украінскіх мэдыяў.

Што да складу ўдзельнікаў прэсавых тураў з Расеі, то шмат гаварылася пра адмысловую сэлекцыю. У Беларусь запрашалі найперш з ідэйна блізкіх выданьняў, а таксама з рэгіянальнай прэсы, якую няцяжка ўразіць афіцыйнай вітрынай тутэйшай рэчаіснасьці.

Але на Ўкраіне прэса зубастая, "разбэшчаная" камандай Юшчанкі.

Калі нейкі час таму ў Кіеве я пытаўся ў калегаў, што ім найперш дала памаранчавая рэвалюцыя, тыя адказвалі: дала волю, вярнула пачуцьцё прафэсійнай годнасьці.

(Дарэчы, менавіта сёньня там адзначаюць другую гадавіну Майдану.)

Сапраўды, зараз у нашых паўднёвых суседзяў дастаткова разьвіты мэдыйны рынак і адносна самастойная, агароджаная ад дзяржаўнага ціску прэса. Так што заўтра ня выключаныя і ня надта прыемныя для гаспадара сустрэчы пытаньні. (Зрэшты, мы ня ведаем, якая сэлекцыя была гэтым разам.)

Са свайго боку, беларускае кіраўніцтва зараз асабліва зацікаўленае паляпшаць свой імідж у вачох украінцаў. У прыватнасьці, ёсьць пэўныя надзеі на дапамогу Кіева ў пошуку энэргетычных альтэрнатываў (хаця там, падпісаўшы з Масквою адносна выгадны газавы кантракт на 2007 год, здаецца, ужо ня надта хочуць дражніць расейскага мядзьведзя).

Імаверна, што на заўтрашняй прэсавай канфэрэнцыі прагучаць новыя цікавыя заявы ў энэргетычным пытаньні, якое для Беларусі сёньня шчыльна зьнітаванае з праблематыкай дачыненьняў з Масквою.

Ня выключаны і новы тур незалежніцкай рыторыкі, якой афіцыйны кіраўнік Беларусі (як гэта ні прыкра для ягоных даўніх унутраных апанэнтаў) ужо ўпэўнена авалодаў. Дастаткова згадаць выказваньні на ўчорашняй нарадзе.

Дарэчы, уважлівыя назіральнікі даўно зрабілі выснову: падчас такіх імправізацыяў пра сапраўдны стан рэчаў у краіне і яе вонкавых дачыненьнях гаворыцца іншым разам болей выразна, чым у розных апазыцыйных камэнтарах. Так што і тым, хто стала атабарыўся на альтэрнатыўным інфармацыйным абсягу, варта іншым разам слухаць першакрыніцы.

Трэба толькі вылучаць сапраўдны сэнс.

Думаю, вернемся да тэмы пасьля падзеі. Пэўна, будзе пра што паразважаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0