З раніцы супрацоўнікі КДБ грукаліся ў дзверы да сям’і баранавіцкіх актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Малашчанкаў. Як паведаміла «Нашай Ніве» Таццяна Малашчанка, вобшук у яе праводзяць супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Жанчына меркавала, што іх візіт звязаны з тым, яна на выбарах была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага. Аднак спецслужбісты сказалі, што абшукваюць кватэру, бо муж Тацяны, Алег Малашчанка, паводле іх звестак, быў 19 снежня на Плошчы. Больш паведаміць спадарыня Тацяна не змагла: праз тэлефон было чутно, як супрацоўнікі КДБ просяць яе пакласці слухаўку.
Дзевяць дзён таму яна нарадзіла дзіця.
Малашчанкі — прадпрымальнікі. Трымаюць невялікую краму.
Гэта адданая беларускамоўная сям’я. Алег Малашчанка ад савецкага часу служыў вайскоўцам у Расіі. Як толькі служба скончылася і ён выйшаў на пенсію, яны вярнуліся ў Беларусь.