21.01.2011 / 12:31

Якія беларускія прадпрыемствы могуць пацярпець у выпадку ўвядзення санкцый Еўрасаюза 6

Еўрапарламент прапануе разгледзець магчымасць эканамічных санкцый у дачыненні да беларускага ўрада. Адна з самых буйных фракцый — Еўрапейская народная партыя — лічыць магчымым, напрыклад, уздзейнічаць на беларускія ўлады праз замарозку актываў і маёмасці «Белтэхэкспарту» і іншых беларускіх экспарцёраў узбраенняў.
Эксперты «Заўтра тваёй краіны» вызначылі найбольш уразлівыя ў выпадку разрастання канфрантацыі Брусэля і Мінска беларускія прадпрыемствы.

З усіх галін беларускай эканомікі ў найбольшай ступені завязаныя на еўрапейскі рынак сёння нафтаперапрацоўка, нафтахімія, металургія і трактарнае машынабудаванне.

Долі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у сумесных збытавых і зборачных вытворчасцях, склады прадукцыі і запчастак — патэнцыйныя аб’екты, якія могуць трапіць пад магчымыя санкцыі.

Розныя прадпрыемствы канцэрна «Белнафтахім» з’яўляюцца сузаснавальнікамі ТАА «Ойл Лагістык» (Рыга, Латвія), ЗАТ «Трансхема» (Вільня, Літва) і ТАА «БНХ-Ойл Польска» (Варшава, Польшча), а таксама ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія», якая, у сваю чаргу, мае прадстаўніцтвы ў Лондане і Варшаве. Гэтая тавараправодная сетка — найбуйнейшы прадстаўнік інтарэсаў беларускай дзяржавы на еўрапейскім рынку. Праз яе еўрапейскім спажыўцам пастаўляюцца нафтапрадукты, хімічныя валокны і іншыя прадукты дзвюх галоўных галін эканомікі Беларусі.

Ва ўсіх вышэйпералічаных трэйдарах заснавальнікамі выступаюць выключна дзяржаўныя прадпрыемствы або прадпрыемствы з кантрольнай доляй дзяржавы

(напрыклад, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Пры гэтым практычна ўсе яны з’яўляюцца ключавымі платнікамі ў беларускі бюджэт.

ААТ «Беларуськалій» у латвійскім «Ойл Лагістык» належыць 55%-я доля, канцэрну «Белнафтахім» — 25%, РУП ПА» Беларуснафта» — 10%, ААТ «Нафтан» — 10%.

Заснавальнікамі літоўскай «Трансхемы» з’яўляюцца УП «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» (51%) і «Беларуснафта» (49%).

Польская кампанія «БНХ — Ойл Польска» належыць «Беларускаму нафтаваму гандлёваму дому» (61%), ААТ «Гроднаазот» (15%), ААТ «Лідская Лакафарба» (14%), РУП «Светлагорскае хімвалакно» (5%) і «Нафтану» (5%).

Беларуская нафтавая кампанія створаная ў 2007 годзе «Беларуснафтай», «Беларускім нафтавым гандлёвым домам», «Нафтанам» і беларуска-расійскім СП «Мазырскі НПЗ».

Акрамя таго, у асобных прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» ёсць іншыя актывы на тэрыторыі Еўрасаюза. «Беларуснафта» ў канцы мінулага года зарэгістравала ў Польшчы даччыную кампанію ТАА «Беларуснафта Польшча» (Варшава), мэтай якой з’яўляецца выхад на оптавы і ў перспектыве на рознічны рынак гандлю нафтапрадуктамі і звадкаваным газам.

«Беларуськалію» належаць 40% акцый у ТАА «Балткаліс» (Вільня, Літва), якое займаецца пастаўкамі калійных угнаенняў і тэхнічнай солі на прыбалтыйскі рынак. У Вене знаходзіцца офіс Belurs Handels Gmbh. Праз гэтую кампанію салігорскае аб’яднанне пастаўляе тэхнічную соль на заходнееўрапейскі рынак.

У Вільні знаходзіцца кампанія Beltyre, якая выконвае функцыі дыстрыбуцыйнага цэнтра прадукцыі бабруйскай «Белшыны» на еўрапейскі, а таксама паўночнаамерыканскі і ліцінаамерыканскі рынкі. У Еўропе ў зоне адказнасці даччынай кампаніі бабруйскага вытворцы знаходзяцца таксама Эстонія, Фінляндыя, Латвія, Нарвегія, Швецыя, Францыя, Іспанія, Італія, Партугалія, Германія, Бельгія, Нідэрланды.

У найбуйнейшага металургічнага вытворцы Беларусі — РУП ПА «Беларускі металургічны завод» — у 2009 годзе пастаўкі ў далёкае замежжа склалі 739,6 млн даляраў, продаж на ўнутраным рынку — 220,7 млн даляраў, а ў СНД — 160, 7 млн даляраў. Замежнаэканамічная экспансія БМЗ забяспечваецца сеткай даччыных прадпрыемстваў — чатыры з васьмі размешчаныя на тэрыторыі Еўрасаюза. Гэта Belastahl Aussenhandel Gmbh (Берлін, Германія), Belmet Handelsgesellschaft mbh (Лінц, Аўстрыя), ЗАТ «Гандлёвы дом «БМЗ-Балтыя» (Шаўляй, Літва) і Belorussian Steel Works Trading sro (Прага, Чэхія). Акрамя таго, у Еўропе знаходзяцца офісы асноўных металатрэйдараў, якія з’яўляюцца галоўнымі партнёрамі жлобінскага завода, — Stemcor, Duferco, DR Karl J. Pisec і Carbofer.

У меншай ступені залежыць ад еўрапейскага спажыўца РУП ВА «Мінскі трактарны завод». Тым не менш, еўрапейскі рынак таксама вельмі важны для аднаго з найбуйнейшых сусветных вытворцаў трактароў.

0
1234 / Адказаць
21.01.2011 / 15:51
ну вот ввести все санкции - *опа будет. посмотрим откуда будуць грошы красци))))))))
0
БР / Адказаць
22.01.2011 / 03:31
Ну, работники этих предприятий, очевидно, выражают оппозиции горячую поддержку и шлют пламенный привет.
0
qwerty / Адказаць
22.01.2011 / 13:06
2БР А при чём тут оппозиция? Оппозиция фальсифицировала выборы, оппозиция жестоко разогнала саму себя, оппозиция пересажала саму себя, оппозиция закрыла офис ОБСЕ или может быть оппозиция узурпировала власть?
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру