Айцец Сергій, мой духоўны настаўнік, праз блізкіх перадаў мне, каб я не высоўвалася: у мяне маленькае дзіця, якое трэба выхоўваць.

Дарагі айцец Сергій. Шчыра дзякую вам за клопат. Але калі я цяпер прыгнуся — я падстаўлю прамаходзячага чалавека, які стаіць за мной. А гэта зусім не па-хрысціянску.

Я ніколі не была прыхільніцай гвалтоўных метадаў зрынання ўлады. Досвед кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі сведчыць, што нічога добрага з гэтага не атрымліваецца. На сцэну прыходзіць яшчэ больш жорсткі дыктатар. Але ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага ладу адзіная магчымасць не загубіць сваю душу — гэта не прагнуцца.

Бо палохаюць на розных узроўнях розным: прэміяй, кар’ерай, зняволеннем, смерцю. Маці — пазбаўленнем бацькоўскіх правоў (злыя рымляне, дарэчы, да гэтага не дадумаліся).

Таму, на жаль, мне давядзецца і далей рабіць як загадвае маё грамадзянскае сумленне: я падаю заяву ў суд і пракуратуру з просьбай узяць у мяне паказанні сведкі. Чаго і вам зычу. Калі ўсе, хто быў на плошчы, апішуць падзеі, як яны іх бачылі, магчыма, гэта будзе самы цікавы суд у гісторыі. Калі што не так, юрысты, папраўце.

У Мінскі гарадскі суд

адрас: 220092,

г. Мінск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3

У пракуратуру г. Мінска

220004, Мінск, вул. Ракаўская, 38

Заяўнік:

Які пражывае:

Прашу запрасіць мяне ў якасці сведкі па крымінальнай справе па артыкуле 293, часткі 1 і 2, супраць грамадзян: Някляева Уладзіміра; Саннікава Андрэя, Кастусёва Рыгора, Міхалевіча Аляксея, Рымашэўскага Віталя, Статкевіча Мікалая, Севярынца Паўла, Халіп Ірыны, Лябедзькі Анатоля, Фядуты Аляксандра і іншых.

Супраць іх заведзеная крымінальная справа па артыкуле 293, часткі 1 і 2. Іх абвінавачваюць у наўмысных дзеяннях, скіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і інш.

Я прысутнічала на плошчы як удзельнік мірнай дэманстрацыі і хачу выступіць якасці сведкі.

На плошчу я пайшла, убачыўшы па Першым канале сюжэт з перадвыбарчымі дэбатамі. Больш ТБ не глядзела з прычыны занятасці. У гэтым сюжэце кандыдаты ад апазіцыі заклікалі народ (гэта значыць, мяне) выйсці на плошчу. Паколькі пасля гэтага сюжэту кандыдатаў не арыштавалі і не абвінавацілі ў «наўмысных дзеяннях, накіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і інш.», я мела ўсе падставы выйсці на плошчу і падтрымаць свайго кандыдата ў прэзідэнты, за якога прагаласавала, выканаўшы свой грамадзянскі абавязак і рэалізаваўшы сваё канстытуцыйнае права.

Я крычала «Жыве Беларусь!», бо гэтыя словы — цудоўныя. І слова «Сыходзь!», звернутае да кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, бо як хрысціянка лічу згубным для душы такое доўгае знаходжанне чалавека пры ўладзе.

Лозунг «Час мяняць лысую гуму» не крычала, бо ён мне не падабаецца.

Увечары 19 снежня я прагаласавала на сваім участку па прапісцы ў горадзе Фаніпаль, зайшла на старую кватэру і захапіла з сабой на плошчу:

Ёлачныя цацкі (вялікую скрынку)

Два дзіцячых карнавальных касцюмы

Ёлку штучную з USB-портам

Шалік і іншыя дзіцячыя рэчы.

З імі і пайшла на мірны мітынг. Гэта можа пацвердзіць пратакол асабістага дагляду УІ ІДІ Ленінскага РУУС г. Мінска ад 20 снежня.

Калі б я хацела пайсці на арганізаваныя беспарадкі, я б узяла з сабою:

1. Драўляны рыцарскі меч свайго сына.

2. Лук са стрэламі нямецкай вытворчасці (набыты на Нямізе ў дзіцячым аддзеле).

3. Рагатку.

Я сведчу, што кандыдаты ў прэзідэнты не арганізоўвалі беспарадкаў — наадварот, гучна казалі, каб дэманстранты не чапалі міліцыю, каб мітынгоўцы знаходзілі ў натоўпе і ўціхамірвалі п’яных і правакатараў, якія арганізуюць беспарадкі. Таксама проста на плошчы кандыдатамі было заяўлена, што шклопакеты б’юць невядомыя людзі, хутчэй за ўсё правакатары.

Усё гэта я чула на свае вушы.

Людзі паводзілі сябе спакойна і мірна. Пры з’яўленні страшных амапаўцаў амаль усе кінуліся бегчы. Таму я лічу, што маю права сведчыць пра недатычнасць кандыдатаў і мітынгу да масавых беспарадкаў, і сведчу, што самі беспарадкі былі вынікам няправільнага ўзаемадзеяння міліцыянтаў адзін з адным, пераапранутым у цывільнае, і са сваім народам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?