Сёння Аляксандр Лукашэнка ў чацвёрты раз уступіць у пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прамовіць прысягу на вернасць беларускаму народу.
Інтэрнэт-газета Naviny.by параўнала тэкст гэтай прысягі з першай, прамоўленай Лукашэнкам у далёкім 1994 годзе, і з клятвамі іншых прэзідэнтаў.
21 студзеня Аляксандр Лукашэнка, прысягаючы беларускаму народу, скажа на 12 словаў больш, чым было ў першай яго прэзідэнцкай клятве.
15 гадоў таму ў выніку рэферэндуму ў Канстытуцыі змяніўся і тэкст гэтай самай прысягі. Цяпер прысяга беларускага прэзідэнта на адно слова большая, чым амерыканскага, і на тры — чым расійскага.

Вось прысяга беларускага прэзідэнта сённяшняга ўзору: «Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся аддана служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі». Ад тэксту прысягі-1994 яна адрозніваецца тым, што ў яе дададзеныя наступныя словы: «аддана», «свята і», «паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна». Апошняя фраза — слова ў слова — утрымліваецца і ў клятве прэзідэнта Расіі.

А вось што атрымліваецца ў выніку параўнання прысягі прэзідэнта Беларусі з клятвамі лідараў іншых краін.

У прысязе прэзідэнта ЗША — ні слова (!) аб правах чалавека і свабодах. Ён абяцае «…сумленна выконваць абавязкі прэзідэнта Злучаных Штатаў і рабіць усё, што ў маіх сілах, каб падтрымліваць, ахоўваць і абараняць Канстытуцыю». У прысягах прэзідэнтаў Эстоніі, Літвы, Польшчы, Германіі, Чэхіі «правоў чалавека» таксама няма.

А вось прэзідэнт Чачэнскай рэспублікі клянецца «паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна». Прэзідэнт Туркменістана абяцае быць «гарантам правоў усіх грамадзян». Прэзідэнт Ірана на Каране абяцае «ўстрымлівацца ад любых праяваў аўтарытарызму і абараняць свабоду і годнасць».

Прэзідэнт Беларусі, як мы ўжо ведаем, абяцае выконваць свае абавязкі «свята і добрасумленна»; прэзідэнты ЗША і Літвы — «сумленна»; прэзідэнты Грузіі і Германіі — «добрасумленна»; прэзідэнт Расіі — «аддана»; прэзідэнт Эстоніі — «аддана, усімі сіламі, з найлепшым узаемаразуменнем»; прэзідэнт Украіны — «у інтарэсах усіх суайчыннікаў»; прэзідэнт Кыргызстана — «з гонарам і нястомна»; прэзідэнт Чэхіі — «кіруючыся сваімі перакананнямі і сумленнем», пры гэтым клянецца «сваім гонарам»; прэзідэнт Ірана — «усімі сваімі здольнасцямі і ўсёй сваёй кампетэнтнасцю».

І яшчэ выбраныя месцы з прэзідэнцкіх прысягаў.

Прэзідэнт Грузіі клянецца клапаціцца «аб адраджэнні магутнасці майго народа і Айчыны». Прэзідэнт Польшчы абяцае «непахісна ахоўваць годнасць народа, а шчасце Айчыны і дабрабыт грамадзян заўсёды будуць для мяне найвышэйшым загадам». Прэзідэнт Туркменістана абяцае «душой і целам адстойваць інтарэсы туркменскага народа», «прысвяціць усе свае здольнасці і магчымасці» і «выкарыстоўваць усю сваю руплівасць». Прэзідэнт Нігерыі клянецца «ніколі не скажаць чаканні народа». Ён адзіны ў прысязе агаворвае: «у выпадку парушэння клятвы мы панясем пакаранне па ўсёй строгасці закону». Прэзідэнт Афганістана будзе з дапамогай Алаха «дапамагаць нацыі, прыкладаць вялізныя і шчырыя намаганні для дасягнення прагрэсу і шчасця». Прысяга прэзідэнта Ірана вельмі паэтычная: «Клянуся, спадзеючыся на Усявышняга, захоўваць давераную мне народам уладу — гэты святы дар — як пабожны і адданы захавальнік, і перадаць яе таму, каго народ абярэ пасля мяне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?