«Па дадзеных інстытута, за А. Лукашэнку прагаласавала большая палова ўсіх апытаных».

У апошнім нумары «Советской Белоруссии» рэдакцыйны артыкул прысвечаны апытанню Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў наконт вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Артыкул называецца «НІСЭПД: упэўненая і адназначная перамога». «Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс), якім кіруе праф. Алег Манаеў, распаўсюдзіў зробленыя інстытутам вынікі нацыянальнага апытання. Па дадзеных інстытута, за А. Лукашэнку прагаласавала большая палова ўсіх апытаных, ягоныя супернікі атрымалі нязначную ў параўнанні з А. Лукашэнкам колькасць галасоў (У. Някляеў – 8,3%, А. Саннікаў – 6,1%)», – гаворыцца ў артыкуле (звяртае на сябе ўвагу словазлучэнне «большая палова» – nn.by). – «НІСЭПД прыйшоў да высновы, што А. Лукашэнка зноў з каласальным адрывам ад сапернікаў выйграў прэзідэнцкія выбары (што прадказвалі ўсе апытанні сацыёлагаў) і гэта не падлягае ніякаму сумневу».

Напрыканцы артыкула чытачоў запэўніваюць у праўдзівасці звестак інстытута: «Усім вядома, што НІСЭПД з'яўляецца недзяржаўнай даследчай арганізацыяй і неаднаразова заяўляў аб сваёй неангажаванасці. Больш за тое, НІСЭПД функцыянуе зусім не на сродкі беларускага дзяржбюджэту, а за кошт атрыманых грантаў. Можна смела сцвярджаць, што НІСЭПД ніколі не быў заўважаны ў схаваных сімпатыях да сённяшняй беларускай улады, таму, апублікаваўшы вынікі свайго апытання, НІСЭПД нанёс сакрушальны ўдар па ганебных спробах фальсіфікатараў вынікаў выбараў».

Пікантнасць заключаецца ў тым, што паводле апытання НІСЭПД за Лукашэнку прагаласаваў 51% выбаршчыкаў. Паводле ж агучаных Цэнтрвыбаркамам дадзеных, за Лукашэнку прагаласавалі 79,65%. У сітуацыі, калі і хочацца і колецца, аўтар рэдакцыйнага артыкула выкарыстаў прыём, апісаны ў савецкім анекдоце: Газета «Правда» піша пра вынікі спаборніцтваў па бегу паміж Леанідам Брэжневым і Рональдам Рэйганам. «Генеральны сакратар КПСС прыбег другім, а прэзідэнт ЗША – перадапошнім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?