Шчыра віншуем аўтараў і чытачоў "Нашае Нівы" зь юбілеем. Зычым плёну ў працы, натхненьня і мужнасьці.

"Нашыя дзеткі", www.dzietki.org

Шаноўны Сп.Дынько,

Дазвольце павіншаваць Вас з нагоды 100-годзьдзя «Нашае Нівы» ды выказаць сваю глыбокую пашану ды высокую ацэнку той вырашальнай ролі ў грамадзкім жыцьці Беларусі, якую «Наша Ніва» адыгрывае ўжо 100 гадоў. Аднак сёлетняй вясной вы перажылі асабістыя цяжкасьці як галоўны рэдактар «НН», а газэта апыналася на мяжы прымусовага закрыцьця. Нягледзячы на гэта, а асабліва складанасьць цяперашняе сытуацыі, я зычу Вам і ўсёй рэдакцыі «НН» мужнасьці і рашучасьці: сьветлай будучыні «Нашай Ніве»!

Як стала ведама, вас ушанавалі прэміяй Міжнароднага ПЭН-цэнтру і Галяндзкай фундацыі Oxfam Novib. Прымеце ж да гэтага таксама і мае віншаваньні.

З найлепшымі зычэньнямі,

Эбэргард Гэйкен

Колішні старшыня офісу АБСЭ ў Менску

Dear Mr. Dyn’ko,

Today, on the occasion of the 100th anniversary of "Nasha Niva", I should like to congratulate you and express my deep respect and great appreciation for the decisive role Nasha Niva has played in the public life of Belarus already hundred years. In this spring however, you endured personal hardship as Chief Editor of "Nasha Niva" and the newspaper has been facing a forced closure for quite some time. All the same and particularly in this difficult situation I wish you and the whole staff of "Nasha Niva" courage and determination: may "Nasha Niva" have a bright future!

As I read this morning, you were honored with a prize of PEN International and the Dutch Oxfam Novib Foundation. Please accept my congratulation also for this event.

My best regards,

Eberhard Heyken

Former Head of the OSCE Office in Minsk

Віншуем адзіную Беларускую Газэту са 100-годзьдзем!

Усім Нашаніўцам жадаем добрага здароўя! Няхай Усемагутны Божа трымае Вас у сваёй апецы!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Мазырчукі.

Адмысловае віншаваньне «НН» атрымала ад Моладзі БНФ.

Дзякуй Вам вялікі!

Дарагія сябры!

У мяне 23 лістапада двайное сьвята, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіліся мае дзеці, як я жартую "блізьняты з розьніцай у шэсьць гадоў". А сёлета сьвята трайное, таму што юбілей «Нашай Нівы» гэта таксама дарагая і блізкая майму сэрцу дата.

Шчыра віншую калектыў рэдакцыі са 100-годзьдзем першай беларускай газэты. Дзякуй вам за тое, што насуперак усім цяжкасьцям высока трымаеце сьцяг беларускасьці, за надзею і радасьць, якую прыносіць кожны новы нумар. Посьпехаў вам і нашай агульнай справе. Трымайцеся!

Жыве Беларусь!

Валянціна Гракун

Шаноўнае спадарства!

Віншую ўсіх нашаніўцаў і чытачоў са стагодзьдзем газэты нашае душы!

Зычу, каб беларускі Мінатаўр, імя якому самота, быў урэшце пераможаны!

Вытрымкі і плёну! Радасьцяў вялікіх і яшчэ большых!

Балахонаў Сяргей

Паважаны спадар Дынько,

Дазвольце мне павіншаваць Вас, увесь калектыў і чытачоў «Нашай Нівы» са стагодзьдзем са дня заснаваньня.

Гэта круглая дата зноў сьцьвярджае, наколькі неабходны выданьні, якія культывуюць нацыянальную, гістарычную і культурную сьвядомасьць беларусаў на роднай мове. Славакі зьяўляюцца добрым прыкладам таго, наколькі дарэмныя ўсе спробы асыміляцыі і чаго можна дасягнуць эмансыпіраваны славянскі народ у цэнтры Эўропы. Няхай жа гэты прыклад дапаможа Вам пераадолець усе часовыя ўскладненьні, якія прыносіць жыцьцё.

З павагай,

Любамір Рэгак, Часовы Павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусі

Шаноўныя супрацоўнікі і чытачы «Нашай Нівы»!

Ад імя Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў віншую вас са стогадовым юбілеем і зычу плённай працы на карысьць Беларусі і яе пачэснага пасаду між краінамі – чальцамі ААН!

Джыхан Султанаглу, прадстаўнік ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь

Газэта жыве!

МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» мае гонар павіншаваць першую беларускую газэту «Наша Ніва» са стагодзьдзем.

«Наша Ніва», утвораная яшчэ ў 1906 г. і адноўленая ў 1991 г., набыла бясспрэчную папулярнасьць сярод інтэлігенцыі, моладзі, беларускага асяродку.

Нягледзячы на тое, што ў 2005 г. улады забаранілі распаўсюджваць газэту празь «Белпошту» і «Белсаюздрук», дзякуючы вялікім намаганьням супрацоўнікаў і аўтараў Рэдакцыі, газэта жыве! І цяпер яе можна атрымаць, дзякуючы створанай сыстэме распаўсюду, праз рассылку поштай і кур’ерскую дастаўку. Да таго ж, Рэдакцыя ідзе крок у крок з часам і пакарыла віртуальную прастору.

Жадаем «Нашай Ніве» захаваць статус першай беларускай газэты, ня мець перашкод у выданьні і адзначыць 200-гадовы юбілей.

Управа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

«Нашай Ніве»

Мая сьвятая, беспартыйная,

Дасюль яшчэ хрэстаматыйная –

Табе, сяброўка стогадовая,

Ад сэрца шлю любові слова я.

Сваёю моваю шляхетнаю,

Сваёй манераю адметнаю

Мяне даўно к сабе прынадзіла

І аніколі йшчэ ня здрадзіла.

Тваю ацэнку бесстароньнюю

Заўжды складаным часам помню я.

Цалую ўсе твае староначкі,

Чытаючы і ўдзень, і ўпоначкі.

Мая зьмястоўная таўстушачка,

Маёй радзімы шчырка-душачка,

Мая яснотка прад хімэраю –

Люблю. Ня здраджу. Шчыра верую.

Антон Бубала, Дрыса

Некалькі вершаваных радкоў у падарунак:

Ёсьць такія людзі, пэўна,

Што працуюць не за пернік,

Што на нітку інтуіцыі

Ніжуць словаў цьвёрдых пэрліны.

Рэдкія, як ювэліры.

Ўчуюць гук трубы і ліры.

І яны не пачынаюць

Працу ўраз на «тры-чатыры!».

Віншую са 100-годзьдзем «Нашу Ніву», а таксама сяброў Рэдакцыі, галоўных рэдактараў, усіх нашаніўскіх аўтараў!

Зычу ўсім моцнага здароўя, мужнасьці, натхненьня і пашырэньня кола чытачоў! Няхай каласуе Наша Ніва!

Людка Сільнова

Хай здохне хоць заўтра

Віншую калектыў і чытачоў «Нашай Нівы»! Зычу ўсім творчых посьпехаў у працы і ўсяго найлепшага ў жыцьці!

Хай здохне хоць заўтра

Калгасны наш Гусь.

Мы гукнем упарта:

Жыве Беларусь!

Юзік Дзенісюк, в.Абухава, Гарадзенскі раён

Шаноўны рэдактару, з дарагой душы віншую Вас і супрацоўнікаў «Нашай Нівы» з стогадовым юбілеем выданьня. Рады, што вы не апусьцілі рукі і ўпарта робіце нацыянальную справу. Бог вам у помач.

Мікола Бусел, Дуброва, Сьветлагорскі раён

Дарагія нашаніўцы!

Віншую вас, зычу, каб свабоднае Слова ніколі ня згасала, таму што Свабода ад Бога, а Божае – вечнае.

Равуць вятры, грымяць грамы,

Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж

І ўсё ж мы дойдзем,

Дойдзем мы да Беларусі!

З Богам! Здароўя вам, веры і надзеі.

Чытач «НН»

Ад газэты «Intex-press»

Імчыць па сьвеце лістапад імкліва

І не бяды, што скончылася лета.

Сто год сьвяткуе сёньня

«Наша Ніва»

Найпершая найлепшая газэта.

Пра родны край у вас нібы пяецца,

Ёсьць у выданьні спорт

і нават гумар.

У рукі з рук яна перадаецца.

Зачытваюць да дзірак кожны нумар!

Вы пішаце, што тут і што ў сьвеце.

Сапраўдны беларус –

«НН» прыхільнік.

І не зьдзіўленьне, што такой газэце

Пашана ў Беластоку і ў Вільні.

Пра вас народ і ведае, і чуе

(Пра вас няцяжка і паэму скласьці).

І «Intex-press» вас ад душы віншуе

І зычыць даўгалецьця,

плёну, шчасьця.

Даўно ў нас забыліся аб скрусе,

І зьвесткі пра вайну даўно ў архіве.

Чаму ж тады ў сталіцы Беларусі

Няма для сьвята месца

«Нашай Ніве»?

Нідзе няма – ад Віцебску да Брэсту

(У палацах гамана пра ўгнаеньні)...

Ды, дзякуй Богу, усё ж знайшлося месца

У сядзібе БНФ, на Варвашэні.

Гучы і радуй, Нашаніўскі голас

(Пакуль такія ёсьць –

нішто ня страшна).

Пакуль у нас Купала ёсьць і Колас,

Ня згіне Беларусь, Айчына наша.

Жадаем росквіту ўсім на дзіва,

Пішыце! Услаўляйце родны край!

Няхай квітнее наша «Наша Ніва»

І дорыць людзям

шчодры ўраджай!

Калектыў рэдакцыі газэты «Intex-press», Баранавічы

Вiншую вас са 100-гадовым юбiлеем! Дзякуй Рэдакцыi за працу, цiкавыя матэрыялы i мужнасьць. Здароўя, плённай працы i Божай ласкi вам на доўгiя гады.

Людмiла Лiтвiнава, Менск

Шаноўныя сябры!

Віншую ўсіх вас са 100-годзьдзем «Нашай Нівы», зычу ўсім вам добрага здароўя, творчага гарту, нястомнага і нязломнага рэжымам жаданьня несьці людзям, шчырым беларусам, праўдзівае, вольнае слова, няхай не затухае ў вас купалаўскі дух свабоды, незалежнасьці, нецярпімасьці да дыктатуры ва ўсіх яе праявах.

Жыве Беларусь!

Міхась Тычына, ваш падпісчык і аднадумец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0