Мільянер-махляр імкнецца выгарадзіць Лукашэнку, зваліць віну на КДБ.

Апальны ў Расеі алігарх Барыс Беразоўскі абвінаваціў старшыню беларускага КДБ Вадзіма Зайцава і расейскія спецслужбы ў арганізацыі правакацыі 19 снежня ў Мінску. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю ўкраінскай газеце «Сегодня»: «Тое, што адбылося ў Беларусі, безумоўна, выгадна Расеі. І катэгарычна не выгадна ні Беларусі, ні Захаду. Расея атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і, па сутнасці, загнала беларускія ўлады ў кут. Я лічу, што беспарадкі пасля выбараў — гэта спецаперацыя расейскіх спецслужбаў. Вы ведаеце, што перад гэтым Лукашэнка тры гады вельмі паслядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэнняў. Ажыццяўляў дэмакратычныя рэформы на беларускі лад. Але ў ноч пасля выбараў было перакрэслена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, паспяховая аперацыя расейскіх спецслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калону ў Беларусі, змаглі перавярнуць сітуацыю. Галоўнае, што трэба было зрабіць — гэта выставіць ахову для кандыдатаў у прэзідэнты, якія прыйшлі на гэты мітынг. Спецслужбы Лукашэнкі павінныя былі іх ахоўваць, а не біць па галаве. Гэта і была б перамога Лукашэнкі».

А далей Беразоўскі, якога абвінавачваюць у раскраданні дзяржаўнай маёмасці на сотні мільёнаў даляраў і выкарыстанне бандыцкіх метадаў пры змаганні за ўласнасць вінаваціць… Еўропу. «Цяпер адбываецца інтэлектуальная дэградацыя палітычнай эліты Захаду. Яна працягваецца ўжо як мінімум 10 гадоў. Самы галоўны вынік працы пуцінскага рэжыму на сусветнай арэне — гэта стварэнне татальнай сістэмы карупцыі на Захадзе. Вазьміце той жа „Норд Стрым“. Гэта бессэнсоўная, разбуральная для эканомікі Украіны і Беларусі труба фантастычнага кошту, экалагічна небяспечная, ўразлівая для тэрарыстаў — яскравы прыклад карумпаванасці Захаду. Ну, і, вядома, рашэнні па футболе: 2022 і 2018 гадоў ў Катары і ў Расеі. Гэта ж смех. Сёння галоўная праблема — гэта нават не Расея. Гэта проста татальнае прастытуяванне палітычнай эліты Захаду».

А вось што думае Беразоўскі пра логіку мыслення Лукашэнкі: «У мяне такое ўражанне, што Лукашэнка сам не чакаў, што свет надасць такое значэнне таму, што адбылося 19 снежня. Я нават больш-менш ўяўляю, хто гэта рабіў — яго ўласныя спецслужбы, якія давалі яму ілжывую інфармацыю пра падзеі, якія адбываліся на плошчы 19 снежня. І гэтыя супрацоўнікі — безумоўна, супрацоўнікі адначасова расейскіх спецслужбаў. І ў першую чаргу, гаворка ідзе аб старшыні КДБ Беларусі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?