З’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пройдзе 15 мая. Адпаведнае рашэнне было прынята на пасяджэнні цэнтральнага камітэта партыі 23 студзеня.

На з’ездзе плануецца выбраць кіраўніцтва партыі, прыняць змены ў статут. Норма прадстаўніцтва абласных і Мінскай гарадской арганізацый на з’ездзе — адзін дэлегат на 20 членаў партыі.

Нагадаем, 10 кастрычніка 2010 года ў Мінску прайшоў з’езд БСДП (Грамада), на якім старшынёй быў абраны Анатоль Сідарэвіч. Анатоль Ляўковіч, які ўзначальваў партыю са жніўня 2008 года, палічыў рашэнне з’езда нелегітымным, бо, паводле яго слоў, «упершыню за гісторыю партыі яе лідарам быў выбраны беспартыйны чалавек».

Гэтую заяву Ляўковіч зрабіў на падставе таго, што 30 жніўня Сідарэвіч распаўсюдзіў зварот да СМІ, у якім заклікаў «не звязваць яго імя з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) у сувязі з тым, што спыняе членства ў арганізацыі». Аднак праз некалькі дзён ён вырашыў вылучацца кіраўніком партыі, палічыўшы, што, паколькі яго заява пра выхад з БСДП (Грамада) не была зафіксаваная ў партыйных органах, ён працягвае заставацца яе членам.

15 лістапада Мінюст на сваім інтэрнэт-сайце размясціў інфармацыйнае паведамленне. У ім падкрэслівалася, што з’езд БСДП (Грамада), які прайшоў 10 кастрычніка, не мае юрыдычнай сілы.

Міністэрства ўстанавіла пры праверцы, што колькасны склад абраных дэлегатаў з’езда не адпавядае ўстаноўленаму цэнтральным камітэтам. Апрача таго, на з’езд наогул не выбіраліся дэлегаты ад членаў БСДП (Грамада), якія жывуць на тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

У паведамленні таксама зазначалася, што абранне на з’ездзе Анатоля Сідарэвіча, які раней выйшаў з БСДП (Грамада), кіраўніком гэтай партыі супярэчыць ч. 12 арт. 12 закона «Аб палітычных партыях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?