Час ад часу на старонках друку зьяўляецца інфармацыя аб плянах узьвядзеньня першага ў нашай краіне коннага помніка. Апошняе паведамленьне ў «Нашай Ніве» аб праекце коннай скульптуры князя Ўсяслава Чарадзея ў Полацку пацьвярджае недахоп інфармацыі аб конных помніках, што ўжо ёсьць. «Беларусы дагэтуль не паставілі ніводнага коннага помніка», – піша Сямён Печанко. На самай справе толькі на Магілёўшчыне іх два: адзін у Бабруйску, другі – у Хоцімскім раёне.

Хоцімскі вершнік узьведзены за 800 мэтраў ад расейскай мяжы ў лесе між беларускай вёскай Горня і расейскай Асінкай. Тут чырвонаармейцы далі апошні ў 1941 г. бой на беларускай зямлі.

Невялічкі атрад савецкіх коньнікаў прыкрываў адыход ад Хоцімску 21-й конна-кавалерыйскай дывізіі 13-й арміі. Заслон з 25 воінаў на чале з палітруком роты сувязі Іванам Гарабцом усю ноч капаў акопы, а ўвесь наступны дзень 16-га жніўня адбіваў спробы немцаў наступаць на Сураж. Спыніць танкавую атаку салдаты не змаглі. Практычна ўсе яны загінулі ў няроўным баі.

У 1981 г. на месцы бою была ўзьведзеная скульптура. Баявы конь з кавалерыстам, які застыў у напружаным імкненьні кінуцца ў бой з паднятай над галавой шабляй.

Бабруйскі помнік навейшы. Гараджане празвалі скульптуру «Конь Раманоўскага». Ён усталяваны некалькі гадоў таму на галоўнай магістралі гораду побач з праваслаўнай капліцай. Дзіўны сымбіёз «Георгія Перамаганосца» і савецкага пехацінца на кані. У касцы і плашч-накідцы ён у імклівым кідку дзідай прабівае галаву нямецка-фашысцкага зьмея.

Разгледзець дэталі скульптуры практычна немагчыма. Яна ўзьнесеная на высачэннай арцы вышэй дрэў. Злыя бабруйскія языкі кажуць, што так атрымалася дзеля жаданьня тутэйшых вэтэранаў бачыць чырвонаармейскую зорку на касцы воіна вышэй за крыж праваслаўнай капліцы. Амбітныя імкненьні вэтэранаў савецкай арміі падтрымліваў старшыня гарвыканкаму Раманоўскі.

Воіна на кані паказваюць гасьцём, спрачаюцца аб ягонай сымболіцы. Адны бачаць у ім традыцыйны сымбаль перамогі над фашызмам. Іншыя, апэлюючы да таго, што вершнік чамусьці скача на ўсход, кажуць, што ён сымбалізуе адыход расейскай арміі ў Азію і зьмяншэньне арэалу расейскага ўплыву ў Эўропе. А нацыянальная плынь тутэйшай апазыцыі сьцьвярджае, што помнік лёгка перарабляецца ў «Пагоню»…

Пакуль конныя скульптуры адлюстроўваюць толькі афіцыйна ўслаўленую старонку нашай гісторыі – апошнюю вайну, дзясяткі іншых гістарычных сюжэтаў і асобаў незаслужана занядбаныя. Таму, хоць помнікі Ўсяславу Чарадзею, Гедыміну ці Вітаўту і ня стануць першымі ў нашай краіне, але іх узьвядзеньня чакаю зь нецярплівасьцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?