Адным з пакуль самых гучных трансфераў беларускага футбольнага міжсезоння — калі не самым гучным — стала вяртанне ў мінскае «Дынама» паўабаронцы нацыянальнай зборнай Габона — 30-гадовага Бруно Мбанангоя.

Нагадаем, што габонец, якога двойчы, у 2007 і 2008 гадах, паводле апытання сайта заўзятараў мінскага «Дынама», прызналі найлепшым гульцом каманды, улетку 2009-га з’ехаў у турэцкі «Сіваспор». Там Мбанангой таксама не згубіўся, аднак у студзені 2011-га, падпісаўшы трохгадовы кантракт, зноў уліўся ў «бела-блакітныя» шэрагі сяміразовага чэмпіёна Беларусі.

— Бруно, не шкадуеш, што паўтара года таму паехаў у «Сіваспор»?

— Не. Знаходжанне там было карысным для мяне ва ўсіх аспектах: і ў футбольным, і ў жыццёвым. Турцыя — выдатная краіна, у ёй жывуць добрыя, ветлівыя людзі, якія вельмі любяць футбол. Плюс чэмпіянат прыстойнага ўзроўню. Лічу, улетку 2009-га я прыняў правільнае рашэнне.

— Кар’ера ў «Сіваспоры» склалася так, як ты хацеў, або нешта не атрымалася?

— У прынцыпе, усё было нармальна, хоць пэўныя нюансы былі. Але ў гэтым свеце нішто не ідэальна, тым не менш, працэнтаў на 80 турэцкім этапам кар’еры я задаволены.

Калі я прыехаў у «Сіваспор», спачатку ўсё было ў парадку. Галоўны трэнер, які хацеў бачыць мяне ў камандзе, давяраў мне. Аднак пакуль я залечваў траўму, у «Сіваспоры» адбыліся змены на капітанскім мастку. Новы рулявы зрабіў стаўку на іншых гульцоў, а я зусім не заўсёды трапляў у асноўны склад. Такая сітуацыя мяне абсалютна не задавальняла: я хацеў гуляць, а не паліраваць лаўку запасных…

Скажу больш. У студзені 2012 года ў Габоне пройдзе Кубак Афрыкі. І каб згуляць на гэтым турніры, мне неабходна мець пастаянную гульнёвую практыку — у адваротным выпадку мяне папросту перастануць выклікаць у зборную. У мяне адбылася размова з кіраўніцтвам «Сіваспора», яны з разуменнем паставіліся да маёй пазіцыі і не сталі перашкаджаць магчымаму трансферу.

— А чаму ты абраў менавіта беларускі варыянт? У цябе, напэўна, былі прапановы з іншых чэмпіянатаў?

— Да мяне выказвалі цікавасць французскія, бельгійскія клубы, але я хацеў вярнуцца менавіта ў Беларусь.

— Ведаю, што больш сур’ёзную цікавасць да цябе выказваў і салігорскі «Шахцёр», але ты аддаў перавагу «Дынама». Чаму?

— Было шмат прычын, але галоўная з іх — у мінскім «Дынама» я адчуваю сябе як дома. І гэты фактар пераважыў усе астатнія.

— Якім ты знайшоў мінскае «Дынама»? За паўтара года склад каманды абнавіўся мінімум на дзве траціны…

— Сапраўды, за той час, што я правёў у «Сіваспоры», у «Дынама» адбыліся значныя змены. Перш за ўсё гэта датычыць футбалістаў — тых, з кім я гуляў, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Больш за тое, змяніўся галоўны трэнер, ды і сярод супрацоўнікаў клуба шмат новых людзей.

— Тым не менш, хтосьці застаўся. Сустрэча з кім была асабліва цёплай?

— Са Старым (мянушка галоўнага трэнера дынамаўскага дубля Сяргея Паўлюковіча). Я заўсёды ўспрымаў яго як старэйшага брата. Думаю, Сяргей таксама быў рады майму вяртанню — на першую трэніроўку ён прыйшоў у футболцы зборнай Габона. Не буду хаваць, было прыемна.

Таксама з задавальненнем сустрэўся са Стасам Драгуном, Арэльенам Мантарупам, Алегам Верацілам, з якімі давялося разам выходзіць на поле.

— За тыя тры гады, што ты гуляў у «Дынама», камандай кіравалі сем галоўных трэнераў: Аляксей Пятрушын, Пётр Качура, Аляксандр Хацкевіч, Ігар Крывушэнка, Славалюб Муслін, Кірыл Альшэўскі і Сяргей Гурэнка. Пад кіраўніцтвам каго з іх было працаваць найбольш камфортна? Пра Алега Васіленку, зразумела, не пытаюся — ты толькі знаёмішся з ім.

— Было прыемна працаваць з усімі трэнерамі — няважна, колькі часу яны кіравалі камандай: кожны з іх нечаму мяне навучыў; ад кожнага я ўзяў нешта для сябе. Таму кожнаму з пералічаных табой я ўдзячны. Акрамя таго, як прафесіянал я павінен якасна выконваць сваю працу, нягледзячы на тое, хто галоўны трэнер.

— З «Дынама» ты сыходзіў, калі генеральным дырэктарам клуба быў Юрый Шуканаў, вярнуўся — Валерый Стральцоў. Што памянялася?

— Устрымаюся ад параўнанняў, бо ніколі не надаваў асаблівай увагі працы генеральнага дырэктара. Для мяне куды важней, якія працэсы адбываюцца ў камандзе, а не ў клубе. Я нашмат часцей маю зносіны з трэнерамі і футбалістамі. Мне не так ужо і важна, хто канкрэтна з’яўляецца генеральным дырэктарам — галоўнае, каб чалавек, які займае гэты пост, рабіў усё, што ад яго залежыць, каб каманда была на хаду і дэманстравала добры футбол, які прыносіў бы вынік.

— Калі ты гуляў у «Дынама», цябе рэгулярна клікалі пад сцягі нацыянальнай зборнай. У «Сіваспары» было аналагічна?

— Так, выклікі ў зборную атрымліваў рэгулярна, за выключэннем, зразумела, тых перыядаў, калі быў траўмаваны. Спадзяюся, пераход у «Дынама» ніяк на гэтым не адаб’ецца, і я буду гуляць у галоўнай камандзе мой краіны да тых часоў, пакуль не вырашу скончыць выступы за зборную.

— Колькі ў цябе матчаў за зборную? Напэўна, ужо пад семдзесят…

— Дакладна не ведаю, трэба паглядзець статыстыку. Але з усіх футбалістаў, якія выступаюць цяпер за зборную, я з’яўляюся лідарам нацыянальнай каманды па ліку згуляных матчаў.

— Табе хацелася б дасягнуць адзнакі ў сто паядынкаў?

— Вядома! А калі дасць Бог, то і больш.

— Нумар, пад якім будзеш выходзіць на поле ў форме «Дынама», ужо абраў?

— Дакладна не пад 17-м, пад якім выступаў да пераходу ў «Сіваспар». Хутчэй за ўсё, вазьму іншы нумар.

— Які?

— Пакуль не глядзеў, якія вольныя. Але калі 13 не заняты, хацеў бы ўзяць яго. Пад гэтым нумарам я ўжо тузін гадоў гуляю ў зборнай Габона.

— Значыць, ты зусім не прымхлівы?

— Я веру толькі ў Бога. Зусім неабавязкова зноў браць 17-ы нумар толькі таму, што добра гуляў пад ім у «Дынама».

— Тое, што ты глыбока веруючы чалавек, — ні для кога не сакрэт. А якую ролю, на твой погляд, грае ў футболе поспех?

— Немалаважную, але разлічваць выключна на поспех — наіўна. Дамагчыся нечага сур’ёзнага, спадзеючыся толькі на літасць Фартуны, немагчыма: для дасягнення мэты неабходна прыкласці вялікія намаганні.

— У складзе мінскага «Дынама» ты быў срэбным прызёрам першынства Беларусі, заўзятары двойчы прызнавалі цябе найлепшым гульцом. Але жаданне зрабіцца чэмпіёнам, напэўна, нікуды не падзелася?

— Зразумела. Хацелася б выйграць з «Дынама» не толькі залатыя медалі, але і Кубак краіны — гэтага трафея ў маёй калекцыі таксама няма.

Зрэшты, пра гэта пакуль рана казаць. На сёння галоўная задача — добра падрыхтавацца да сезону. Ніхто не ведае, якім ён атрымаецца, але мы пастараемся зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб не расчараваць заўзятараў і кіраўніцтва «Дынама».

— Каго ты лічыш асноўнымі прэтэндэнтамі на п’едэстал-2011?

— Я толькі вярнуўся ў Беларусь, таму мне складана адказаць на гэтае пытанне. Хоць, думаю, барацьба за медалі разгорнецца паміж мінскім «Дынама», БАТЭ, «Шахцёрам», «Мінскам». Быць можа, нехта яшчэ «стрэліць».

Мне здаецца, у цяперашнім чэмпіянаце асабліва жорсткая бітва разгорнецца менавіта за чэмпіёнства — à la guerre comme à la guerre, на вайне як на вайне. Упэўнены, у гэтым годзе прахадных матчаў у першынстве Беларусі практычна не будзе.

— З «Дынама» ты падпісаў трохгадовы кантракт. А не задумваўся пра тое, каб, скажам так, пасля футбола звязаць свой лёс з Беларуссю?

— Пра тое, чым буду займацца пасля завяршэння кар’еры футбаліста, не думаў. Рана мне яшчэ пра гэта думаць. Ведаю адно: хацеў бы гуляць у футбол як мага даўжэй — да таго часу, пакуль Бог будзе даваць мне сілы займацца любімай справай.

P. S. Аўтар выказвае ўдзячнасць прэс-аташэ мінскага «Дынама» Алегу Сабалеўскаму за дапамогу ў арганізацыі інтэрв’ю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?