Генэральная пракуратура 24 студзеня правяла праверку ўмоў утрыманьня асоб, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.
Як паведамілі БелаПАН у Генпракуратуры, устаноўлена, што рэжым утрыманьня гэтых людзей адпавядае патрабаваньням нарматыўных дакумэнтаў, іх здароўе здавальняючае. У выпадку неабходнасьці ім аказваецца кваліфікаваная мэдыцынская дапамога.
У Генпракуратуры таксама заявілі, што да асобаў, якія знаходзяцца пад вартай, забясьпечаны ва ўстаноўленым парадку доступ адвакатаў і сваякоў, арганізавана атрыманьне пасылак, грашовых пераводаў і лістоў. Ім своечасова растлумачваюцца патрабаваньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія датычацца пытаньняў перапіскі і атрыманьня пасылак.
Падчас праверкі скаргаў і заяваў ад асоб, якія зьмешчаны ў СІЗА КДБ, не паступала, паведамілі ў Генпракуратуры.
Варта адзначыць, што большасьць адвакатаў не бачыла падабаронных ад сьнежня.