Выйшаў быў у абед купіць газэту

У восеньскі ціхі дзень.

Падышоў да кіёску, стаў за нейкім хлопцам,

А тут падыходзіць мудзіла

І лезе без чаргі, не спытаўшыся.

Той хлопец, што наперадзе, маўчыць.

Давялося мудзілу мякка адпіхнуць.

Пачакайце крыху, кажу,

І прашу цётачку ў шапіку:

«Нашу Ніву», калі ласка».

Заплаціў, узяў газэту,

А мудзіла злуецца:

«Ты, калхозьнік, пізь..ец цібе!

Пріехал тут са сваей дзіревні!»

«Гэта ты калхозьнік, а я – беларус».

Мудзілы часта ходзяць гуртам,

Вось і тады падбеглі яшчэ тры, праўда, нейкія нягеглыя.

Самы карузьлік нават нагой мяне садануць спрабаваў,

Ды я пасьпеў адскочыць.

А той першы ўсё запрашае:

«Пайдзём ва двор, толька ты і я».

Астатнім кажа, адыдзіце, маўляў,

Мы, маўляў, удвох разьбярэмся.

Можа, ён і ня поўны мудзіла быў,

Можа, сапраўды хацеў сам-насам,

Але досьвед вучыць,

Што такія рэчы лепей не правяраць,

Таму я пайшоў назад на работу.

Добра, што газэту тады хадзіў купляць.

На рагу галоўнага праспэкту – там шмат было людзей

У ціхі восеньскі дзень,

Калі «Нашай Ніве» заставалася некалькі год да ста

І яе прадавалі ў шапіках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0