Ідэя напісаньня «адказу» ўзьнікла падчас майго лажаньня па ўкраінскіх Карпатах увосень 2004 году. Але яна, гэтая ідэя, мела свой крызіс...

Перад выездам у горы я доўга мучыўся: што ўзяць з сабой пачытаць? Заплечнік быў так напакаваны, што можна было спадзявацца ўпхнуць туды ня больш за адну кніжку. Выбар паў на Акудовічава «Мяне няма». Мне тады вельмі хацелася пачытаць нешта зь беларускай філязофіі.

На першым супынку я ўзяўся чытаць... Першае чытаньне скончылася праз паўгадзіны і то скончылася, здавалася б, канчаткова. Акудовічавы разважаньні пра «Слова», пра «Словабога», пра «хітрыкі Яна Багаслова» здаліся мне такімі плыткімі, што я вырашыў: гэтага досыць. Няма сэнсу цягаць гэту пісаніну на сваіх плячах цэлыя два тыдні. Выдрук кнігі я прымацаваў да дрэва з надпісам: «Беларуская філязофія. Бяры й чытай!» Цалкам магчыма, што дзякуючы гэтаму якісь аматар гор зусім выпадкова набыў Акудовічаў твор.

Неўзабаве я заўважыў, што прачытаныя і недаацэненыя мною радкі зь «Мяне няма» нейк настойліва пульсуюць у маім розуме. Адкінутая мною кніга ўвесь час размаўляла са мной. І я, хоцькі-няхоцькі, увайшоў зь ёю ў дыялёг. Менавіта тады і там, на вяршынях Гавэрлы і Попавай гары, узьнік зарыс майго «адказу»... Вярнуўшыся ў Кракаў, я ў першую чаргу кінуўся да кампутара і пачаў сквапна чытаць «Мяне няма».

Я ня ведаю, ці мой «адказ» трэба называць адказам. Тое, што апублікавана ў «Нашай Веры», — гэта ня столькі адказ, колькі пытаньне. Пытаньне, скіраванае да самога сябе, да Акудовіча і да Госпада Бога... Мяне ўразіў «экзыстэнцыяльны цяжар» гэтага твору. Так, ён быў «няправільны» ўва ўсіх сэнсах: філязафічным, антрапалягічным, псыхалягічным (ня кажучы ўжо пра багаслоўскі!). Але гэта быў той тып «няправільнасьці», які я заўсёды любіў і які заўсёды натхняў да пошукаў і фармуляваньня новых пытаньняў...

Мой «адказ» Акудовічу ёсьць пытаньнем-выклікам у бок клясычнай тэалёгіі, якая прэтэндуе быць ведай-аб-Богу. Гэты «адказ» ёсьць дэструкцыяй багазнаўства на карысьць багаслоўя. «Багазнаўства» імкнецца даць канчатковы адказ на «межавыя пытаньні» (пра быцьцё, пра сэнс, пра замагільнае жыцьцё) і тым самым «замарожвае» ня толькі дыялёг унутры супольнасьці вернікаў, але і дыялёг з Богам! «Багаслоўе» — гэта слова-аб-Богу, дзе «слова» значыць кволае і нестабільнае быцьцё. Слова — гэта адначасова неспакойная, імпэтная і энэргічная істота, здольная адкрываць у чалавеку ўсё новыя і новыя глыбіні... «Знаўства» стварае ілюзію пэўнасьці і ёсьць простай дарогай да пыхлівасьці і самаўзвышэньня. «Слова» чыніць чалавека больш пакорным і талерантным. «Знаўства» нараджае спакусу навяртаць іншых на праўду, а «слова» пабуджае любіць іншых у імя праўды... «Веда напаўняе пыхай, а любоў будуе», — гэта словы сьвятога Паўла.

Я асабіста глыбока перакананы, што Акудовічаў бунт супраць Бога ёсьць насамрэч бунтам супраць багазнаўства ў тым сэнсе, у якім я тутака прывёў. І я вырашыў папросту трансфармаваць Акудовічаў бунт у крытычную рэфлексію над хрысьціянскай тэалёгіяй. Рэфлексію, якая ў глябальным маштабе ня ёсьць чымсьці новым, але якая ў беларускай часа-прасторы, магчыма, і трохі нетыповая.

Супольнасьць вернікаў павінна ажывіць першапачатковае значэньне і інтэнцыю такіх паняткаў, як «вера», «догма», «ісьціна». Вернікі павінны паставіць пытаньне, чаму Бог хацеў, каб мы свой дыскурс аб Ім называлі верай, а ня ведай, чаму галоўныя тэзы аб Ім называем догмамі, а не навуковымі дадзенымі, і чаму ісьціна мае сымбалічную структуру, г.зн. пазбаўленая адназначнасьці... Бог хацеў, каб мы насьледавалі Ягонае прыніжэньне, а не імкнуліся да сьвецкага панаваньня і здабыцьця палітычнага ўплыву. Гісторыя Царквы паказвае, як часта Божая воля ігнаравалася ў гэтым пляне...

...Аднойчы я даведаўся, што Акудовіч — гэта ня толькі філёзаф і літаратар, але таксама альпініст і аматар гор. Ці не сымбалічна, што мой «адказ» яму паўстаў менавіта падчас вандроўкі па гарах? Гэта выпадковасьць — сказаў бы Акудовіч. Гэта Прадбачнасьць — сказаў бы я. І тут зноў адкрываецца прастора рознасьці, рознасьці, якая патрабуе шмат добрай волі і інтэлектуальнай мабільнасьці.

Артыкул Пётры Рудкоўскага «Мяне няма: роздум інквізытара на руінах Акудовіча» чытайце ў №4 часопіса «Наша вера» за 2005 год.

Пётра Рудкоўскі (нар. у 1978 у Канвелішках, Воранаўскі раён) — філёзаф, тэоляг. Ляўрэат прэміі часопісу «ARCHE» «За сумленнае слова» за 2005 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0