На парушэнні заканадаўства з боку Беларускай праваслаўнай царквы звярнуў увагу ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў сваім выступленні на пасяджэнні калегіі апарата ўпаўнаважанага, якое адбылося 26 студзеня ў Мінску.

Паводле яго слоў, БПЦ, якая аб’ядноўвае 1.545 з 2.162 рэлігійных абшчын краіны, з’яўляецца «асноўным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні пытанняў сацыяльнай сферы». Шматлікія мерапрыемствы па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой праходзяць ва ўсіх абласцях і сталіцы, сказаў упаўнаважаны.

Разам з тым ён заявіў пра неабходнасць строгага выканання заканадаўства пры ажыццяўленні сумесных праектаў. Гуляка выказаў шкадаванне, што нярэдка мясцовыя ўлады «заплюшчваюць вочы на неправавыя дзеянні рэлігійных арганізацый». Для іх заканадаўства ўстанаўлівае выразныя патрабаванні, абавязковыя для выканання ўсімі суб’ектамі праваадносін, падкрэсліў упаўнаважаны.

Паводле яго слоў, захоўваецца праблема самавольнага будаўніцтва культавых будынкаў арганізацыямі праваслаўнай царквы без афармлення праектна-каштарыснай дакументацыі і без афіцыйнага адводу зямлі. «Хай гэта і адзінкавыя выпадкі, аднак яны ёсць», — сказаў Гуляка. Актуальнай для праваслаўнай царквы застаецца праблема даўгабуда. Пры гэтым мясцовыя ўлады «не заўсёды» праводзяць тлумачальную працу з рэлігійнымі арганізацыямі па вырашэнні гэтай праблемы, нярэдка выдзяляюць зямлю для будаўніцтва новых культавых будынкаў пры наяўнасці ў гэтым населеным пункце аб’ектаў даўгабуда, падкрэсліў упаўнаважаны. Такімі дзеяннямі мясцовыя ўлады «пагаршаюць праблему даўгабуда, якая затым часта робіцца дзяржаўнай праблемай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?