Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

Янка Купала

Помнікі не паўстаюць раней за падзеі. Яны толькі падкрэсьліваюць, што нешта не забыта й не закінута, працягвае ўплываць, і каб надалей захоўваць дзейснасьць уплыву, мае патрэбу ва ўзнаўленьні. Была зьява: літаратурная дзейнасьць беларускай эміграцыі па той бок жалезнай заслоны. Амаль не вядомая на радзіме ў час СССР, яна атрымала гістарычны шанец і адыграла сваю ролю падчас перабудовачнага вызваленьня розумаў. Тыдзень за тыднем вёў у этэры цудоўныя гутаркі пра беларускую старасьвеччыну Вячаслаў Ракіцкі і ягоныя суразмоўцы, і цяпер гэтыя словы леглі на паперу. Адбываецца ня толькі перавыданьне, але ствараецца нешта новае, і – парадаксальна – у той жа час другаснае: сьведчаньне памяці, помнік раней зробленай працы, знак нашай пашаны да рупліўцаў. Другаснасьць тут успрымаецца як дадатковая плашчыня зьместу.

Рэакцыя, якую выклікаюць гэткага кшталту кнігі-помнікі, амаль цалкам вызначаецца кантэкстам, у які яны трапляюць. Сёньняшні кантэкст, і ў тым ліку юбілей «Нашай Нівы», робіць выданьні напамінам пра адносны характар нашага руху наперад, і гэта падаецца больш актуальным, чым аналіз саміх кніжак.

З аднаго боку, рух навідавоку. Дастаткова зірнуць у выдадзены на пачатку 1980-х рэвалюцыйны на той час альбом «Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагодзьдзяў», каб пабачыць там «Партрэт невядомага», у якім сёньня нават неспэцыяліст лёгка пазнае Радзівіла Рыбаньку. Разгарнуўшы «Каханы горад», трапляеш на знаёмыя імёны і творы: безумоўны прагрэс і дасягненьне.

Але акрамя гэтага прыемнага пачуцьця пазнаваньня, два выданьні 2006 г. ставяць межы нашай радасьці, бо дагэтуль застаюцца актуальнымі чыста інвэнтарнага характару зьвесткі пра мінуўшчыну, і дагэтуль творы, сабраныя ў «Каханым горадзе», хаця ўжо ўлучаныя ў беларускую літаратуру, не перадалі эстафэту сучасным пісьменьнікам. У абодвух разох можна канстатаваць, што па-ранейшаму захоўваецца стан сымбалічнай апазыцыі: аднаму пантэону гістарычных дзеячаў процістаўляецца іншы, беларускі, савецкай літаратуры – літаратура эміграцыйная, але пры параўнаньні не ўжываецца аніякіх крытэраў, акрамя наяўнасьці/адсутнасьці.

Сп.Ракіцкі з суразмоўцамі стварыў новы, удасканалены й пашыраны, багата ілюстраваны каталёг нашай гераічнай мінуўшчыны, годна працягнуўшы (а дзе й перасягнуўшы) папярэднікаў – Ластоўскага, Караткевіча, аўтараў «100 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі» і іншых. Перадача, а за ёй і кніга істотна наблізілі да людзей шэраг цікавых фактаў, якія маюць усе падставы ўвайсьці ў нацыянальную сьвядомасьць.

Складальнікі й выдаўцы «Каханага гораду» стварылі яшчэ адну магчымасьць пазнаёміцца са здабыткамі эміграцыйнай літаратуры, якія маюць поўнае права прэтэндаваць на месца ў культурным багажы адукаванага беларуса. Але – і тут мы гаворым не пра кнігі, а пра кантэкст – вышэй за сілы згаданых дзеячаў перавесьці гэтыя каштоўнасьці са стану пасіўнае даступнасьці ў больш актыўны стан прысутнасьці. Два тамы ўдасканалілі тое, што й бязь іх мела месца, і ў чарговы раз падкрэсьлілі, што мяжа паміж наяўнасьцю й выкарыстаньнем «рэпатрыяваных» культурных каштоўнасьцяў збольшага непераадоленая. Складзены яшчэ адзін падрабязны каталёг спадчыны, асобныя рэчы выстаўленыя перад самыя вочы нашчадкаў, але ўступленьне ў правы адбываецца з зусім іншай хуткасьцю.

Не ў апошнюю чаргу з тае прычыны, што вартасьць прапанаваных скарбаў вельмі шмат залежыць ад спосабу выкарыстаньня. «Запіскі эмігранта» Л.Савёнка просяцца на сцэну і ў этэр, маляўнічыя падрабязнасьці мінулага зь «Беларускай Атлянтыды» крыкам галосяць аб выкарыстаньні ў кіно ці літаратуры, але самі па сабе гэтыя тэксты не выглядаюць на добрую чытанку. Усё нарыхтавана: і шампуры, і мяса, і паліва, і смакавітыя дадаткі, але гатовага шашлыку – няма, і вогнішча не гарыць. І гэты стан трывае ўжо вельмі працяглы час.

Зьяўленьне кожнай папулярнай (ненавуковай) працы, скіраванай на агульнаасьветныя функцыі ў пытаньнях Беларушчыны, раз за разам падкрэсьлівае адсутнасьць хаця б роўнага сілай патоку мастацкіх твораў, дзе выведзеныя на дзённае сьвятло шэрагі фактаў і падрабязнасьцяў асэнсоўваліся б і набывалі новае жыцьцё. Мала пазначыць нашу спадчыну ў часе і прасторы, трэба спрабаваць завесьці на ёй гаспадарку.

?

Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2006. – (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе).

Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2006.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?