І пасля гэтага заклікаў Захад да «чэснага, адкрытага дыялогу».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў Захад да «чэснага, адкрытага дыялогу, без ультыматумаў і двайных стандартаў».

«Давайце шукаць кампраміс, але, шчыра прызнаючы, як усё адбылося», — заявіў Лукашэнка ў Менску. Ён выступаў на пазачарговай сесіі палаты прадстаўнікоў з нагоды прадстаўлення прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча.

Лукашэнка паведаміў, што «ўраду дадзена даручэнне прымаць адэкватныя меры на пагрозы з боку некаторых краін аб прымяненні супраць Беларусі нейкіх санкцый». Як чакаецца, 31 студзеня Еўрасаюз, ЗША і іх саюзнікі ўвядуць візавыя і іншыя сімвалічныя санкцыі супраць лукашэнкаўцаў. Акрамя таго, Захад прыняў прынцыповае рашэнне аб спыненні фінансавай падтрымкі Мінска. Раней Мінск абгрунтоўваў патрэбу такога фінансавання неабходнасцю аслаблення залежнасці ад Расіі.

Прапануючы дыялог, Лукашэнка ў недыпламатычных выразах абрынуўся на асобныя краіны Захаду. У Польшчы ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі, заявіў ён: «У Польшчы некаторыя спяць і бачаць: мяжа не там. Мяжа каля Мінску. Сталін не там мяжу правёў».

«Справа не ў дэмакратыі. Яшчэ не памерла пакаленне, якое не ачомалася ад нямецкай "дэмакратыі"», — ушпіліў Лукашэнка сваіх нямецкіх калег.

Ён падкрэсліў, што будзе «абараняць канстытуцыйны лад». «Можа быць, нас заб’юць, скруцяць галаву, але мы не здамося», — кляўся ён.

Як вядома, Лукашэнка змяніў Канстытуцыі, каб дазволіць сабе выбірацца прэзідэнтам бясконцую колькасць разоў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «не баіцца» «ніякіх санкцый» з боку Захаду і назваў сітуацыю выбудоўваннем суверэнітэту Беларусі.

«Пужаць візамі, санкцыямі? Гасподзь з вамі. Я ў візавых абмежаваннях жыву дзесяткі гадоў — нічога не здарылася. Не трэба нас палохаць. Ніякага тупіку няма, мы пераадолелі чарговы бар’ер у выбудоўванні свайго суверэнітэту».

У эканамічнай частцы свайго выступу Лукашэнка абяцаў рост узроўню жыцця і вытворчасці ВУП да «сярэднееўрапейскіх».

«Вельмі важна, каб Савет Міністраў стаў сапраўды калегіяльным органам кіравання. Не трэба вісець над міністрамі і пастаянна імі панукваць. На цяперашнім этапе трэба пераносіць усю адказнасць за стан эканомікі і сацыяльнай сферы на міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, губернатараў, старшынь райвыканкамаў», — назваў Аляксандр Лукашэнка тых, на каго лёгка зваліць віну за невыкананне «сярэднееўрапейскіх паказчыкаў».

Акрамя іншага, у сваім выступе кіраўнік Беларусі зноў завочна размаўляў з палітвязнямі.

Ён узгадаў пра зняволенага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і ягоную жонку Ірыну Халіп. Маўляў, яны ў любы момант могуць апынуцца на волі, калі пачнуць супрацоўнічаць са следствам.

«Чаго вы ў следчым ізалятары седзіце? Тры пытанні, тры адказы — і ідзіце», — зазначыў Лукашэнка.

Таксама ён узгадаў пра маленькага Даніка, сына Саннікава і Халіп. «Праўда ў тым, што рэальна яго ніхто не глядзеў. Адна ў Маскве, іншы — у Вашынгтоне. Яго дзед з бабай глядзелі гэтае малое, што і робяць цяпер».

Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп ад 19 снежня сядзяць у СІЗА КДБ. Іхні трохгадовы сын Данік быў аддадзены пад апеку бацькам Ірыны Уладзіміру і Люцыне Халіпам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?