Усе дыктатары — хлусы і бязлітасныя да кожнага, да каго могуць дацягнуцца. Адзін са знакамітых пісьменнікаў братоў Стругацкіх Барыс кажа, што дзве траціны жыцця пражыў за дыктатарамі рознага рангу, выгляду і разраду, таму ведае пра іх дастаткова, каб іх не любіць.

Расійцы ніяк не могуць азнаёміцца з дакладам сваіх назіральнікаў, якія знаходзіліся ў Беларусі падчас прэзідэнцкай перадвыбарчай кампаніі і саміх выбараў.

Першапачаткова даклад павінен быў быць апублікаваны ў снежні, аднак кіраўнік расійскай назіральнай місіі Леанід Іеўлеў не паспеў падрыхтавацца. Прэзентацыю перанеслі на студзень, але да гэтага часу Іеўлеў, па ўласным прызнанні, «усё забыў».

Тым не менш, з высновамі афіцыйных расійскіх назіральнікаў азнаёміўся прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў, які павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах.

Назіральнікі АБСЕ і шэрагу іншых заходніх краін заявілі пра шматлікія парушэнні, зафіксаваныя імі падчас галасавання. Краіны Захаду праігнаравалі цырымонію інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на чацверты тэрмін, а 31 студзеня на сустрэчы міністраў замежных справаў Еўрасаюза будзе абмяркоўвацца магчымасць санкцыяў у дачыненні прадстаўнікоў беларускай улады, адказных за парушэнне правоў чалавека ў сваёй краіне і падаўленне іншадумства.

«Пятроўскія акадэмікі» назвалі беларускую апазіцыю» «хуліганамі і пагромшчыкамі»

Тэмы падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і магчымых санкцыяў супраць афіцыйнага Мінска актыўна абмяркоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу. У прыватнасці, інфармацыйна-аналітычная служба «Руская народная лінія» апублікавала ліст, аўтары якога — чальцы Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Расійска-беларускае братэрства» і шэрагу іншых аб’яднанняў.

У лісце выказваецца трывога з нагоды магчымага ўвядзення міжнародных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі,
«бо [яны] супярэчаць абранаму народамі Еўропы дэмакратычнаму курсу і дэманструюць палітыку двайных стандартаў», — перакананыя аўтары ліста. Яны лічаць, што падзеі вечара 19 снежня ў Мінску фактычна былі «спробай дзяржаўнага перавароту, фінансаванага, паводле шэрагу крыніц, арганізацыямі краін ЕС. У такой сітуацыі праваахоўныя органы Беларусі вымушаныя былі спыніць дзеянні хуліганаў і пагромшчыкаў незалежна ад іх нацыянальнасці».

У пасланні таксама сказана нямала добрых словаў у адрас Аляксандра Лукашэнкі і ягонай палітыкі: «Сацыяльна-эканамічная, палітычная і маральна-псіхалагічная абстаноўка ў краіне, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, стабільная. Паслядоўная палітыка сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі ў многім звязаная з дзейнасцю цяперашняга прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта таму за яго прагаласавала пераважная колькасць беларускіх выбаршчыкаў».

Сярод аўтараў ліста — сябры КПРФ акадэмік Леанід Майбарада і пісьменнік Аляксандр Варанцоў, а таксама прафесар Аляксандр Субета і адвакат Андрэй Антонаў.

Цана прымірэння — 4 мільярды даляраў

Пецярбургскі пісьменнік Мікалай Старыкаў у сваім блогу піша пра збліжэнне пазіцый Расіі і Беларусі на фоне відавочнай халоднасці Захаду да рэжыму Лукашэнкі: «Пасля разгону „мірных дэманстрантаў“ у Мінску, пасля задушэння спробы антыканстытуцыйнага перавароту (як максімум) і правакавання масавых беспарадкаў (як мінімум) … у момант нагнятання ў Еўропе антылукашэнкаўскай істэрыі, Расія цвёрда абазначыла сваю пазіцыю». Сутнасць гэтай пазіцыі, на думку пісьменніка, заключаецца ў тым, што Уладзімір Пуцін паабяцаў Беларусі субсідыю ў памеры 4,12 млрд даляраў.

З гэтага вынікае, што «глыбінных супярэчнасцяў (паміж расійскім дуумвіратам і Лукашэнкам) няма і быць не можа», а ўсе папярэднія канфлікты (нафтавыя, малочныя і іншыя «войны» паміж Масквой і Мінскам) «дробныя ў параўнанні з задачамі па аднаўленні Адзінай краіны, якія стаяць перад усімі патрыётамі».

Мікалай Старыкаў у апошнія гады апублікаваў шэраг кніг, дзе ён «выкрывае» сусветныя змовы супраць Расіі, інспіраваныя (паводле сцвярджэнняў аўтара) яе «гістарычнымі ворагамі — англасаксамі». Вось толькі адна характэрная для яго твораў фраза: «Адольф Гітлер зрабіўся кіраўніком Германіі дзякуючы актыўнай падтрымцы Англіі і ЗША. Мэтай гэтай камбінацыі было яшчэ раз нацкаваць немцаў на рускіх».

Нагадаем таксама, што летам мінулага года па расійскім тэлебачанні быў паказаны антылукашэнкаўскі серыял «Хросны Бацька», а ў беларускіх газетах публікаваліся вострыя крытычныя артыкулы пра расійскую палітыку наогул і пра Уладзіміра Пуціна ў прыватнасці.

«Расія ідзе па шляху Беларусі»

Адказам на гэтыя публікацыі стаў адкрыты ліст да міжнароднай грамадскасці,
падпісаны, у прыватнасці, пісьменнікамі Барысам Стругацкім і Нінай Катэрлі, артыстам Аляксеем Дзявотчанкам, рок-музыкам Вадзімам Курылёвым, публіцыстам Барысам Вішнеўскім, журналістамі Таццянай Масквіной, Віктарам Нікалаевым, Святланай Гаўрылінай, юрыстамі Вольгай Пакроўскай і Грыгорыем Саламінскім і іншымі прадстаўнікамі пецярбургскай інтэлігенцыі.

У гэтым звароце гаворыцца: «Увесь свет бачыў, як за краты была кінутая большасць супернікаў Аляксандра Лукашэнкі па выбарчай кампаніі, якія на той момант нават яшчэ не страцілі статус кандыдатаў… Больш за 600 чалавек збілі і падверглі адміністрацыйнаму арышту. Па шматлікіх вядомым нам сведчаннях, у дачыненні да гэтых людзей парушаліся ўсе нормы ўтрымання ў турме… Больш за 30 чалавек знаходзяцца ў турме КДБ, і супраць іх заведзеныя крымінальныя справы, якія прадугледжваюць тэрміны зняволення ад 5 да 15 гадоў».

Аўтары адкрытага ліста адзначаюць, што цяпер у дзяржаўных СМІ Беларусі, а таксама расійскімі палітыкамі, што падтрымліваюць Лукашэнку, вядзецца кампанія паклёпу і абраз у адрас збітых і арыштаваных людзей. «На першай жа прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка дазволіў сабе адкрытыя абразы ў адрас Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і іншых супернікаў. Потым пайшлі перадачы дзяржаўнага тэлебачання і публікацыі ў дзяржаўных СМІ, якія змяшчаюць галаслоўныя абвінавачанні ў адрас апанентаў Лукашэнкі, падтасоўкі і адкрытую хлусню», — нагадваюць аўтары.

Завяршаецца зварот радкамі: «Калі Еўропа і свет не жадаюць паўтарэння на постсавецкай прасторы сталінскіх і нацысцкіх злачынстваў — яны павінны заняць цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да сённяшняга беларускага рэжыму. Усе разам мы не павінныя дапусціць, каб беларускі народ падвяргаўся дыктатарскаму гвалту».

«Я вельмі ўважліва сачу за падзеямі і ў Беларусі, і асабліва ў нашай краіне, — сказала Ніна Катэрлі ў гутарцы з карэспандэнтам «Галасоў Амерыкі». — Да таго, што адбылося ў Беларусі, нельга быць абыякавым. І я лічу, што Расія ідзе па шляху «лукашэнізацыі». Мы яшчэ не абагналі рэжым «Бацькі», такой сітуацыі пасля выбараў у Расіі пакуль не было, але справы Лебедзева і Хадаркоўскага — прыклад таго, што пуцінскі рэжым бярэ прыклад з Лукашэнкі «, — адзначае яна. Ніна Катэрлі нагадала, што нават пасля дазволенага мітынгу ў Маскве 31 снежня мінулага года Барыс Нямцоў быў схоплены міліцыянтамі і пасаджаны на 15 сутак. «Так што гайкі ўсё мацней закручваюцца і ў Расіі», — канстатуе яна.

З лістом чальцоў Пятроўскай акадэміі пісьменніца цалкам не згодная: «Мы ўсе жывем на адной планеце. І калі парушаюцца правы чалавека, калі ў дачыненні да палітычных апанентаў ужываюцца рэпрэсіі, калі адбываецца абуральнае парушэнне закона, то навакольныя краіны не могуць і не павінныя закрываць на гэта вочы».

Аляксандр Лукашэнка як эпізадычны персанаж антыўтопіі

Адказваючы на пытанні «Галасоў Амерыкі», пісьменнік Барыс Стругацкі заўважыў, што прачытаў пасланне ў абарону Аляксандра Лукашэнкі «без усялякага задавальнення».

«Яны, у адрозненне ад мяне, дыктатараў любяць, шануюць і паважаюць, — сказаў ён. — Мабыць, ім падабаецца адчуваць сябе халопамі ў суровага гаспадара,
 — такіх людзей нямала, ох як нямала ў нашым свеце такіх людзей! Уласна, на такіх і такімі ўзводзяцца п’едэсталы тыранаў. Бог ім суддзя».

Пры гэтым Барыс Натанавіч адзначае, што сам ён «дзве траціны жыцця пражыў за дыктатарамі рознага рангу, выгляду і разраду», таму ведае пра іх дастаткова, каб не любіць іх. «Яны хлусы, — сцвярджае ён. — Яны бязлітасныя да кожнага, да каго могуць дацягнуцца. Кожным сваім учынкам яны звяртаюцца да самага нізкага, што ёсць у чалавеку, — да яго страху, да яго зайздрасці, да яго халопства, да духоўнага бяссілля яго і да адвечнай яго схільнасці падпарадкоўвацца сіле. Яны — самае кепскае, што нарадзіла чалавецтва «.

Барыс Стругацкі дадае, што Лукашэнка — «не самы адпеты» сярод дыктатараў, аднак блізкі да гэтага.

У творчасці братоў Стругацкіх прыкметнае месца займае жанр антыўтопіі. У сувязі з гэтым «апошні дыктатар Еўропы» нагадвае пісьменніку эпізадычную постаць прэзідэнта з рамана «Гадкие лебеди» (які быў забаронены савецкай цэнзурай і распаўсюджваўся ў самвыдаце).

«Абодва яны пакуль яшчэ не злыдні, але неабмежаваная ўлада ўжо наклала на іх спецыфічны адбітак», — падкрэсліў Барыс Стругацкi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?