27.01.2011 / 18:07

Сабіра Атакішыева, маці вязня КДБ Івана Гапонава: Ваня — малайчына! 5

«Я нікога не забіваў, нічога не краў, узброенага супраціву нікому не аказваў. Сумленне маё чыстае. І мне застаецца толькі глядзець гэты „мультфільм“ пра сваё жыццё…». Так напісаў 22-гадовы Іван Гапонаў у лісце дамоў.

Маці Івана Гапонава, грамадзяніна Расіі, які ў ліку 36 чалавек абвінавачваецца ў «масавых беспарадках» у Мінску 19 снежня і знаходзіцца цяпер у ізалятары КДБ, расказала Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра свайго сына, пра тое, як ён апынуўся 19 снежня на Плошчы і чаму яна лічыць, што ён усё правільна зрабіў.

— Я ведала, што ён ідзе туды, на плошчу — у нас размова была. Не без гонару магу сказаць: хоць дзеці дарослыя ўжо, яны з мамай размаўляюць, дзеляцца думкамі, а Ваня — асабліва. Я ведала, што Ваня ідзе на плошчу выказаць сваю нязгоду. І ў апошні момант я сказала: «Ванечка, ты разумееш, што ў цябе іншае грамадзянства?» У нас гэтае пытанне ўздымалася.

Я была здзіўленая тым, наколькі Ваня са сваім цвярозым падыходам да розных рэчаў быў упэўнены, што гэта мірная акцыя.

Я кажу: «Сынулечка, натоўп ёсць натоўп, у якім бы ён выглядзе ні быў. Хай гэта масавае гулянне нават — натоўп ёсць натоўп». Ён кажа: не, мама, масавасць грае вельмі вялікую ролю.

Ён патэлефанаваў дзесьці ў пачатку 12-й ночы. Сказаў (я не адразу зразумела, што такое аўтазак): «Мама, я ў аўтазаку. Тут вельмі жорстка, мяне арыштавалі». Мабыць, там быў адзін тэлефон на ўсіх…

Гэта было 19-га. 20-га мы абзвоньвалі ўсе нумары тэлефонаў, яго знайсці не маглі. 21-га снежня я звярнулася ў расійскае консульства, мне там далі «гарачы» нумар тэлефона і сказалі, што ў любым выпадку шукаць яго яны будуць. Раніцай 21-га мы ў інтэрнэце знайшлі ў спісах людзей менавіта з гэтага аўтазака. Сярод іх была дзяўчына, у якой быў мабільны тэлефон, і яна проста запісала ўсіх, хто знаходзіўся ў аўтазаку, і хуценька смскай адправіла. Фактычна падпольны атрымаўся спіс. Так мы яго знайшлі.

Я звязалася з праваабаронцамі. Мне пацвердзілі, што Ванечка знаходзіцца на Акрэсціна.

Калі ён адбыў 10 сутак, пра гэта было сказана па тэлебачанні. Круціўся ролік менавіта з ім. І акцэнт быў менавіта на тое, што ўсё-ткі ён грамадзянін іншай краіны.

29-га сына адпусцілі. Мы спрабавалі даведацца пра час, калі гэта будзе, каб прыехаць яго забраць. Не, ён прыехаў сам. І — літаральна праз пару гадзін зноў забралі…

Натуральна, мяне як маці цікавіла, ці няма траўмаў, удараў… Але не было ніякіх удараў, ранаў нічога. Толькі нагадала пра сябе хранічная хвароба страўніка.

А потым да нас прыйшлі з нашага мясцовага ўчастка (мы жывем у пасёлку Свіслач Пухавіцкага раёна). Спыталі, дзе Іван Гапонаў, сказалі, што пагаварыць трэба, нават невядома, навошта, прыйшло з Мінска такое распараджэнне. «Ды вы не хвалюйцеся, мы пагаворым і адпусцім». Я на ўсялякі выпадак хуценька сунула яму свой тэлефон, памяняўшы сімкі.

Ён быў гадзіны тры ў гэтым аддзяленні. Потым ператэлефанаваў і сказаў: «Мама, мяне забіраюць назад на Акрэсціна. Яшчэ на трое сутак». Я кажу: «На падставе чаго? Што? Як? Ты ж адседзеў на Акрэсціна 10 сутак!» Я кажа, сам не зразумеў, але мне інкрымінуюць актыўны ўдзел. Там якраз яму паказалі кадр, дзе ён на плошчы.

Ён з’ехаў. Тут жа, літаральна ноччу, старэйшы сын напісаў ад свайго імя ліст у расійскае пасольства. Мы стэлефанаваліся з Ваневым татам, ён цяпер ва Украіне, і ён таксама напісаў ліст у пасольства. Раніцай, калі я патэлефанавала ўдакладніць адрас, каб напісаць пісьмовую заяву, у пасольстве ўжо ведалі, хто я. Як толькі я сказала, што я мама Вані Гапонава, мне адказалі, што ўжо падключылі МЗС, ужо працуюць. У гэты ж вечар расійскае пасольства ўжо нанесла візіт Ванечку. Мне перадалі, што самаадчуванне добрае, што ўсё нармальна, але настрой — не вельмі… Асабіста я вельмі ўдзячная супрацоўнікам расійскага пасольства — і як за расійскага грамадзяніна, і проста па-чалавечы.

Я атрымліваю ад сына лісты. Вядома, разумею, што ёсць цэнзура, і як раней, пагаварыць мы не можам. У асноўным гэта жыццёвыя размовы. «У мяне ўсё добра, нічога не баліць, настрой добры. Але з іншага боку, як пісьменнік я нарэшце магу ўбачыць жыццё ў іншым аспекце…»

Са словаў адваката і супрацоўнікаў расійскага пасольства я ведаю, што ён быў у камеры 58, там 8 чалавек, з эканамічнымі абвінавачаннямі. Потым яго перавялі ў камеру 77, убачыла, калі перадавала перадачу. Што за камера, не ведаю.

Нараканняў на ўмовы ўтрымання не было. Мы адразу ж змаглі перадаць Ваню цёплыя рэчы. Я хвалююся: ліст могуць прапусціць на волю, калі ў ім напісана, што вельмі дрэнна?

Калі ён прыйшоў дадому 29 снежня, наша сустрэча была сумбурнай, усе яму імкнуліся на радасцях расказаць нешта. Я спытала, як у камеры Акрэсціна, чытаю такія жахі аб утрыманні ў аўтазаках, аб тым, якое было стаўленне да расійцаў. Мы, маўляў, чытаем пра гэта як чытачы, а ты — сведка. Ён адказаў, што ўмовы ўтрымання вельмі жорсткія, нечалавечыя. Перад тым, як яго пасадзілі ў камеру, яны ў калідоры прастаялі ілбом у сцены. Ён кажа: «Мама, гэта ёсць, гэта непазбежна». Я зразумела, што была цалкам далёкая ад усяго гэтага…

Я выгадавала траіх дзяцей і вельмі ганаруся тым, што яны сёння менавіта такія, якімі ёсць. Вось разгортваюцца падзеі, і я думаю: Ваня — малайчына! Не пабаяўся, пайшоў. Не таму пайшоў, што ўсе туды ідуць, — не, ён ішоў выказаць сваю нязгоду. З тым, што насамрэч няма дэмакратыі, што па тэлевізары фактычна расказваюць толькі пра аднаго кандыдата ў прэзідэнты, што сапраўды няправільна, мякка кажучы…

Ваня ў гэтым жыцці знайшоў сябе. Ён піша. Вядома, ён яшчэ не сфармаваўся як пісьменнік, як паэт. Але ў яго гэта атрымліваецца. І я яму часта пішу ў лістах: сынок, пішы! Нават калі момант такі, што ты заленаваўся, не спыняйся. У цябе цяпер ёсць магчымасць убачыць нешта іншае — усе думкі запісвай.

У гэтым годзе мы спадзяваліся, што Ваня паступіць на філфак і трапіць на бюджэтнае аддзяленне. Але не хапіла балаў усяго крышку…

0
Грамадзянка Расеі / Адказаць
27.01.2011 / 19:11
Спадарыня Сабіра! Вы малайчына, што так кажаце! І сын Ваш, падобна, трымаецца годна. Пра што сведчыць сам факт, што не даваў каментароў для дзяржтэлебачання. Пільна сачу за сітуацыяй Вані, хаця асабіста з ім не знаёмая (толькі пазнаёмілася з Вашай дачкой падчас перадачаў на Акрэсьціна). Ведаеце... у 2006 годзе мяне таксама хацелі пазбавіць пасведчання а пастаяннае жыхарства, але адмянілі рашэнне. Спадзяюся і ў выпадку Вані так будзе. Жадаю Вам і Вашаму сыну як мага хутчэйшага вызвалення.
0
Taler / Адказаць
27.01.2011 / 23:08
Я знаю Ваню давно. Это очень умный и интеллигентный человек. Он никогда ни под кого не прогибался, и не прогнется сейчас. Он знает что он не виноват, и тем более он не будет давать коментариев для государственных говно-журналистов. А вот человек его посадивший недавно пятки лизал в Кремле, уже в который раз.)))
0
Nelligan / Адказаць
28.01.2011 / 10:54
Трымайцеся, Ваня, Сабіра, уся сям'я! Гэта ясна, што Ваня за кратамі таму, што ён мае расейскае грамандзянства. Ён закладнік Лукашэнкі для ягоняй вайны супраць Расеі...
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру