У ноч пасля вызвалення журналістка занатавала галоўнае, што яна зразумела для сябе ў часе зняволення.

У турме разумееш тое, што цяжка зразумець на свабодзе — што ты за чалавек.
Можна мець якое заўгодна ўяўленне аб сабе, можна здзейсніць масу ўчынкаў, але калі гэта адбылося ў штодзённым жыцці, у шуме праспектаў і трамваяў, калі потым ты вяртаешся дадому да бацькоў, сяброў, мужа або жонкі — гэта не тое.

Ты можаш быць тысячу разоў адважным журналістам з вострым пяром, столькі ж раз ты можаш быць бясстрашным бунтаром, які выказвае свой пратэст у адкрытую або ў Інтэрнэце. Калі ты не апынуўся ў турме, табе значна цяжэй зразумець, хто ты на самай справе.

Я правяла за кратамі амаль 40 дзён. Гэта не так шмат, улічваючы, колькі людзей там яшчэ засталося. Кожны дзень я прыслухоўвалася: што я даведалася пра сябе, якія якасці набыла.

Першае, што я зразумела — нельга шкадаваць сябе. Ніколі і ні пры якіх абставінах.
Непрадуктыўна.
Другое — нічога не прымаць на свой рахунак, што б ні адбывалася —
гэта не адносіцца асабіста да цябе, гэта ніяк не звязана асабіста з табой. Ёсць статут і рэжым. Нічога больш.
Трэцяе — жыць адным днём.
Нават гадзінай, а, можа, імгненнем. Хто яго ведае, што будзе праз тры-чатыры хвіліны.
Чацвёртае і, на мой погляд, галоўнае — прыняцце рашэнняў.
Раней мне гэта давалася лёгка. А там — не. Цяжка. Праз слёзы. З думкай аб ненароджаных дзецях і хворай маці. Нічога. Прыняла. Дапамаглі малітвы. І паштоўка з выявай ката, які вісіць з перапалоханым выглядам і вылупленымі вачыма на электраправадах, а побач надпіс — «Трымайся! Мы з табой!».
Як і некаторым мужчынам, мне таксама было страшна.
Але, дзякуй Богу, я зразумела, што яшчэ страшней — быць здраднікам. Такая я не патрэбна нікому і перш за ўсё — сабе.

Маім вызваленнем не варта цешыць сябе. Гэта называецца — змена меры стрымання пад падпіску аб нявыездзе. Я не маю права знаходзіцца ў Менску, і паеду па месцы рэгістрацыі — у родны Кобрын. Там я буду жыць падчас следства. Як той казаў, сардэчна запрашаем з маленькай турмы ў вялікую.

Дарагія мае чытачы, я прачытала вашыя каментары (на жаль, лістоў не атрымала). Няма герояў. Ёсць мы з вамі — людзі, якія думаюць, разумеюць, спачуваюць і падтрымліваюць адзін аднаго. І толькі ад нас залежыць, што будзе далей.

Я выйшла на свабоду толькі дзякуючы вам.
Дзякуючы кожнаму праваабаронцу, палітыку ці журналісту, які падтрымаў мяне хоць словам, дзякуючы вашай падтрымцы і вашым малітвам. Не я нейкі былінны герой, вы ўсе — велізарная несакрушальная сіла, здольная ўплываць на падзеі.

І толькі дзякуючы нашай салідарнасці, падтрымцы і выразным, дзейсным мерам усяго свету, можна дамагчыся свабоды. Перш за ўсё, для людзей, якія яшчэ там. Я ведаю, як моцна мы патрэбныя ім. Раней я толькі пісала пра палітвязняў. А 

цяпер ведаю, як гэта — маліцца, каб пра цябе памяталі і не забывалі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?