30 студзеня ў Мінску прыкладна паўтара дзесятка прадстаўнікоў СМІ і грамадзянскіх актывістаў сабраліся каля пад’езда дома на вуліцы Велікаморскай, дзе знаходзіцца кватэра экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Напярэдадні позна вечарам ён быў дастаўлены сюды з СІЗА КДБ пад дамашні арышт.

Убачыўшы ў акно людзей, да іх вышла жонка палітыка Вольга Някляева. Яна растлумачыла, што муж не можа нават падысці да акна і проста памахаць рукой. Як растлумачылі супрацоўнікі КДБ, якія неадлучна знаходзяцца ў кватэры, гэта будзе расцэнена як зносіны з журналістамі.

«У пастанове, з якой мужа выпусцілі, — сказала Вольга, — запісана, што ён не можа выходзіць з кватэры, глядзець інтэрнэт, з кімсьці перапісвацца і размаўляць, апрача мяне і адвакатаў».

Вольга Някляева растлумачыла такое доўгае чаканне мужа напярэдадні вечарам тым, што, відавочна, «супрацоўнікі КДБ чакалі, што журналісты хоць крыху разыдуцца». «Таму што Ірыну Халіп журналісты сустрэць не паспелі, а ў нас тут сабралася даволі шмат людзей», — заключыла она.

Паводле яе слоў, самаадчуванне ў мужа нармальнае, хоць у турме былі праблемы са здароўем, ён прыкметна схуднеў. Супрацоўнікі КДБ, якія прывезлі Някляева, начавалі ў яго кватэры — у сумежным пакоі, раніцай іх змянілі іншыя.

Пастанова аб змяненні меры стрымання, паводле слоў Вольгі, утрымлівае вельмі жорсткія ўмовы. «Яго папярэдзілі: калі вы парушыце хоць адзін пункт, вас зноў змесцяць у СІЗА», — кажа яна.

«Самае галоўнае — каб былі знятыя абвінавачанні. Так што ўсё яшчэ наперадзе, — заўважае Вольга Някляева. — Мы вельмі ўдзячныя за салідарнасць — толькі дзякуючы гэтаму, ён зараз дома. А мы, вядома, салідарныя з тымі, хто застаўся ў СІЗА, і спадзяёмся, што іх таксама, хоць бы на такіх умовах, выпусцяць. Таму што там турма, а дом ёсць дом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?