31 студзеня Рада міністраў ЕС разгледзіць пытанне пра санкцыі супраць лукашэнкаўцаў.

Рэзалюцый па Беларусі Еўрапарламент прымаў ужо нямала. Але прынятую ў Страсбургу 20 студзеня, называюць самай жорсткай у гісторыі. Яна была прынятая дэпутатамі адзінадушна. Яе падтрымалі нават камуністы. Такога Еўропа яшчэ не бачыла, каб у дзень выбараў пасадзілі ў турму ўсіх апазіцыйных кандыдатаў.

Еўрапарламент «рашуча асу­джае жорсткія рэпрэсіі з боку міліцыі і КДБ у дзень выбараў» і заклікае «правесці незалежнае і бесстаронняе расследаванне таго, што адбылося», пад эгідай АБСЕ.

Патрабуюць новых выбараў

Упершыню прагучала прапанова ўжыць супраць Беларусі эканамічныя санкцыі. Дэпутаты заклікаюць спыніць усялякія кантакты з лукашэнкаўцамі, увесці візавыя санкцыі супраць іх. Еўрапарламент шкадуе з нагоды таго, што Расія прызнала апошнія выбары ў Беларусі.

Таксама прагучаў заклік наконт недарэчнасці хакейнага чэмпіянату ў Мінску.

Што датычыць эканамічных санкцый, то еўрапейскія парламентары прапаноўваюць замарозіць дапамогу Беларусі па лініях Міжнароднага валютнага фонду, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Санкцыі павінны дзейнічаць да той пары, пакуль на волю не выйдуць усе арыштаваныя падчас падзей 19 снежня.

Тым не менш, рэзалюцыі Еўрапарламента маюць толькі рэкамендацыйны характар. Канчатковае рашэнне 31 студзеня павінна прыняць Рада міністраў Еўрасаюза.

Мартынава і Каткавец не пусцілі ў Нямеччыну

Гаворыцца таксама пра вяртанне візавых санкцый, што дзейнічалі да восені 2008 года. Плюс павелічэнне гэтага спісу.

Польшча ўжо ўвяла абмежаванні на ўезд для беларускіх чыноўнікаў, суддзяў, сілавікоў. Праўда, пакуль ніхто не бачыў гэты спіс.

Беларускае МЗС хутка адрэагавала на такое развіццё па¬дзей: «Гэта кан’юнктурнае і паспешлівае рашэнне, якое сведчыць аб выбары Польшчай канфрантацыйнага шляху», — заявіў прэс-сакратар Андрэй Савіных.

Але пакуль што з візавымі санкцыямі чыноўнікі сутыкнуліся не на прыкладзе Польшчы, а Нямеччыны.

Арганізатары Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы скасавалі запрашэнне беларускаму міністру замежных справаў Сяргею Мартынаву. Нагодай сталі паслявыбарныя рэпрэсіі ў Беларусі. Канферэнцыя прызначаная на пачатак лютага.

Арганізатары адзначылі: штогадовая Мюнхенская канферэнцыя з’яўляецца прыватнай, а не дзяржаўнай. Таму рашэнне пра адмову шэфу беларускага МЗС не варта звязваць з пазіцыяй нямецкага ўрада.

З падобнай сітуацыяй сутыкнулася і намесніца міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец. Ёй скасавалі запрашэнне на сельскагаспадарчую канферэнцыю «Зялёны тыдзень», што праходзіць у Берліне.

Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных нервова назваў гэтыя рашэнні «абсурднымі».

Наш адказ Рампею

Колькі б прадстаўнікі ўладаў не казалі, што санкцыі не будуць мець ніякага эфекту, але вымушаныя на іх рэагаваць. Прычым, на самым высокім узроўні.

Першым пра магчымыя санкцыі загаварыў сам Лукашэнка. Ён даручыў ураду падрыхтаваць захады ў адказ у выпадку ўвядзення супраць Беларусі якіх-небудзь санкцый. «У выпадку, калі хто-небудзь паспрабуе ўвесці супраць краіны эканамічныя або іншыя санкцыі, мы павінныя неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць меры ў адказ, аж да самых жорсткіх, — падкрэсліў Лукашэнка. — І датычыць гэта павінна абсалютна ўсіх, хто паспрабуе ціснуць і блакаваць краіну, — асобная гэта будзе група краін ці нават Еўрасаюз у цэлым».

Таксама ён публічна абвінаваціў Польшчу і Расію ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі.

Праблеме магчымых санкцый былі прысвечаныя амаль напалову выніковыя навіновыя перадачы на беларускіх тэлеканалах.

Памочнік намесніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа заяўляў, што Еўрасаюз і ЗША будуць дзейнічаць узгоднена. Прычым, будуць яны кропкавымі, скіраванымі на «адказных за палітычныя рэпрэсіі і задушэнне свабоды» ў Беларусі.

Колькі б лукашэнкаўцы ні пераконвалі ў тым, што санкцыі не маюць абсалютна ніякага на іх уплыву, але выглядае, што цяпер яны знаходзяцца ў разгубленасці, не ведаючы, якія крокі рабіць у такой сітуацыі. Яны самі сабе перарэзалі дарогу ў Еўропу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?