Правадыры цэнтральнаафрыканскіх краінаў ужо шукаюць хаўрусьнікаў для новай вайны. Папярэдняя забрала амаль 4 млн. чалавечых жыцьцяў.
Праведзеныя пад наглядам ААН прэзыдэнцкія выбары ў Конга-Кіншасе мелі пакласьці канец ваеннаму хаосу i даць пачатак новай эпосе рэгіянальнага міру і спакою. Але й пасьля іх аптымізму не паболела, затое засталося шмат падстаўл для занепакоенасьці.
Для правадыроў гэтай часткі Афрыкі падтрымка паўстаньняў у суседніх краінах – звычайны палітычны ход. У выніку ўсе ў рэгіёне ставяцца адно да аднога зь недаверам і крыўдай.
Новым гарачым пунктам стаў Судан і яго навакольле. Урад Уганды зьвінавачвае Судан у падтрымцы Божай арміі супраціву на поўначы краіны. Чад улетку, а Цэнтральнаафрыканская рэспубліка ўвосені зьвінавацілі Хартум у інтэрвэнцыі ва ўсходнія раёны гэтых краінаў. Нарэшце, нэгрыцянскае насельніцтва поўдня Судану лічыць улады краіны адказнымі за зрыў мірных дамоўленасьцяў, паводле якіх у 2011 годзе мусіў адбыцца рэфэрэндум аб незалежнасьці хрысьціянска-паганскага Поўдня ад мусульманскае Поўначы. У выніку гэты суплёт канфліктаў можа прывесьці да выбуху, у які будуць уцягнутыя як мінімум чатыры краіны. Мясцовыя камэнтатары ўжо прадказваюць першую "ўсеафрыканскую вайну".
У папярэдняй вялікай рэгіянальнай вайне 1998-2002 гадоў ў Конга-Кіншаса загінулі амаль 4 млн. чалавек. Яе назвалі «афрыканскай сусьветнай вайной». За ідэі і за трафэі ў ёй біліся войскі і паўстанцы з Конга-Кіншасы, Уганды, Руанды, Бурундзі, Судану, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Чаду, Анголы, Намібіі і Зімбабвэ. Экспэрты прадказваюць што сытуацыя настолькі нестабільная, што ад выбуху новай ня менш крывавай вайны можа не стрымаць нават прысутнасьць міратворцаў ААН.
Але нават бяз новай вайны гэты рэгіён Афрыкі уяўляе гуманітарную катастрофу. У суданскім Дарфуры загінулі больш за чвэрць мільёна людзей, больш за 2 млн. сталіся ўцекачамі. Процістаяньне ў паўночнай Угандзе паглынула 100 тыс. жыцьцяў, 1,5 млн. засталіся бяз даху над галавой. Колькасьць уцекачоў у Чадзе набліжаецца да 200 тыс., a ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы – да 30 тыс. Судан ня можа Пасьля паўвекавой вайны, на якой загінула 2 млн. чалавек, Паўднёвы Судан ня можа падняцца на ногі.
Прысутнасьць ААН у Конга-Кіншасе стрымлівае тутэйшыя ўрады. Аднак яны ня дужа вераць ў эфэктыўнасьць ААН і ўжо шукаюць хаўрусьнікаў для новай вайны.