Адкрыцьцё выставы 28 лістапада а 17-й гадзіне

Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі

Менск, К.Маркса, 12.

Арганізатары выставы: Польскі Інстытут у Менску, Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі.

Пры падтрымцы: WizyTUąca Galeria (Польшча)

Малгажата Дмітрук нарадзілася ў 1974 г. у Бельску Падляскім на Беласточчыне.

У 1993 г. пачала вучобу на факультэце графікі Беларускай акадэміі мастацтваў у Менску. У 1995–1999 г. вучылася на факультэце графікі Варшаўскай акадэміі выяўленчага мастацтва. Дыплём з адзнакай атрымала ў 1999 г. у майстэрні прафэсара Ўладыслава Вінецкага.

Дадаткова дыплём жывапісца – у майстэрні прафэсара Адама Стыкі.

З 1995 г. працуе ў экспэрымэнтальнай майстэрні ў Менску, якую ўзначальвае Д.Малаткоў. Займаецца графікай, жывапісам, тканінай, праектаваньнем вопраткі, ілюстрацыяй.

З 1999 г. адбылося 28 пэрсанальных і больш за 50 групавых выставаў у Польшчы і за мяжой.

З 2002 г. працуе асыстэнтам на катэдры станковай графікі факультэту графікі Варшаўскай акадэміі выяўленчага мастацтва.

* * *

Маўгажата Дмітрук як мастак вядомая ў Беларусі з таго часу, калі прыехала вучыцца на графіка ў Беларускую акадэмію мастацтваў. Нават празь некалькі гадоў, нягледзячы на тое, што жыцьцё раскідала па розных гарадах і краінах былых аднакурсьнікаў і проста студэнтаў тых гадоў, кожны зь іх бязь цяжкасьці прыгадаў бы сабе шырока адкрытыя вочы і вялікую шчырую ўсьмешку беластоцкай дзяўчыны па імені Гося. Такой вось адкрытай сьвету яна і засталася, калі меркаваць паводле працаў, якія ў 2003 г. узначальвалі экспазыцыю выставы «Варшаўская графіка ў Менску». Менавіта ў той момант у суседняй сталіцы загарэлася зорка пераканаўчага таленту, штодзённай працавітасьці і адданасьці мастацтву, сабе і творчасьці маладой выпускніцы Варшаўскай акадэміі выяўленчага мастацтва Маўгажаты Дмітрук.

Сёньня яе тонкая лірычная графіка, непазбаўленая самаіроніі і далікатнага, амаль безабароннага адкрыцьця сьвету, прадстаўлена беларускаму гледачу ў тым памеры, які дазваляе дэталёва разгледзець вобраз, створаны мастаком.

Пачуцьці, выкліканыя яе хваляваньнямі, зразумелыя і знаёмыя кожнаму з нас. Таму што гэтыя літаграфіі і аўтарскія тканіны цёпла і проста апавядаюць пра самыя звычайныя і найбольш важныя моманты людзкога жыцьця, напоўненыя сьветам і радасьцю нават у складаны час, у хвіліны непапраўнага гора. Быццам простыя на першы погляд сюжэты і кампазыцыі скіраваныя да кожнага нас, дазваляючы выкарыстаць магчымасьць адказаць на найважнейшыя глыбінныя пытаньні экзыстэнцыі чалавека, як спосабу ягонага быцьця.

Ірына Каломенская

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0