Ўчора ў менскім палацы тэнісу адбыўся матч кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату Эўропы-2007 па настольным тэнісе сярод жаночых каманд. У госьці да беларусак прыехалі ўкраінкі. Нашы паўднёвыя суседкі значна саступаюць беларускам у міжнародным рэйтынгу, але матч выдаўся насамрэч упарты.

У першай гульні сышліся Вікторыя Паўловіч, якая ў сусьветным рэйтынгу займае 22-е месца, адзін з найлепшых паказьнікаў сярод эўрапейскіх тэнісістак, і Тацяна Ткачова (333). Нягледзячы на такую прорву ў рэйтынгу, украінка ўзяла верх, зрабіўшы сэнсацыю.

Аднак родная сястра Вікторыі Вераніка Паўловіч у наступнай гульні без праблем абгуляла першую ракетку ўкраінскай зборнай Маргарыту Пясоцкую – 3:1. Такім чынам, лік матчу выраўняўся.

У трэцім паядынку сышліся маладая беларуска Аляксандра Прывалава і ўкраінка Ганна Гапонава. Гэта была адзіная гульня, у якой суперніца пераўзыходзіла ў рэйтынгу беларуску. Але Прывалава з гонарам выйшла з гэтай сытуацыі, перайграўшы сваю больш дасьведчаную суперніцу зь лікам 3:1.

У апошнім матчы Вікторыя Паўловіч змагла рэабілітавацца перад менскімі гледачамі, пераадолеўшы ў цяжкім пяцісэтавым паядынку, Маргарыту Пясоцкую, прынесшы выніковую перамогу зборнай Беларусі.

Цяпер зборная Беларусі займае ў групе другое месца, саступаючы толькі расейкам, якія атрымалі перамогі абсалютна ва ўсіх матчах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?