Беларускія ўлады пастанавілі адгэтуль не выпускаць дзяцей на аздараўленьне ў італьянскія сем’і пасьля інцыдэнту з гадаванкай дому дзіцяці Вікай Мароз. Пра гэта сёньня заявіў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў.

«Дзеці-сіроты, а іх каля чатырох тысяч, здолеюць паехаць на аздараўленьне ў Італію толькі ў арганізаваныя месцы адпачынку, але ня ў сем’і. Гэта выклікана асьцярогай, што будзе правакавацца сытуацыя, як з В.Мароз», – сказаў быў Радзькоў у пятніцу ў Менску, выступаючы перад дэпутатамі абедзьвюх палат парлямэнту.

«Калі мы ня маем пэўнасьці, што вернем дзіця, дык ніколі не дамо згоды, каб ён зьехаў», – заявіў А.Радзькоў, дадаўшы, што сытуацыя з В.Мароз «была далёка не адзіная».

Нагадаем, сям’я Джуста-Барначын колькі тыдняў незаконна ўтрымлівала В.Мароз у Італіі, куды дзяўчынку ў складзе групы дзяцей, якія маюць адхіленьні ў фізычным разьвіцьці, прывезьлі былі на аздараўленьне. 29 верасьня Віку вярнулі ў Беларусь. Цяпер В.Мароз часова перадалі ў прыёмную сям’ю ў Жодзіна, дзе жыве ейны брат. Па вяртаньні з Італіі Віка знаходзілася ў адным з рэабілітацыйных цэнтраў у месце Барысаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?