На пашыраным пасяджэнні Савета міністраў 1 лютага ў Мінску прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў ад урада ў месячны тэрмін прыняць канкрэтныя рашэнні па ўсіх інвестыцыйных праектах.

 photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

«Я патрабую, каб у месячны тэрмін усе нявырашаныя інвестпраекты былі разгледжаны і па іх былі прыняты канкрэтныя рашэнні»,

— сказаў кіраўнік урада.

Пры гэтым Мясніковіч падкрэсліў, што «адсутнасць канкрэтных рашэнняў нараджае няпэўнасць».

Кіраўнік урада нагадаў, што прэзідэнтам на гэты год пастаўлена задача забяспечыць удзельную вагу замежных крыніцаў у інвестыцыях у асноўны капітал на ўзроўні не менш як 21%.

«За яе выкананне адказвае кожны міністр, кожны губернатар», — сказаў Мясніковіч.

Разам з тым, паводле слоў прэм’ер-міністра, у частцы прыцягнення замежных інвестараў існуюць шэраг праблем. «Дзе замежныя інвестары, дзе прыватны бізнес? Пакуль хваліцца няма чым», — зазначыў кіраўнік урада.

У якасці прыкладу ён прывёў вядомыя брэнды IKEA і Egger, якія на працягу двух гадоў не могуць пачаць працаваць у Беларусі. «То лесу не хапае, то кошт не той. Але ж гэта вядучыя сусветныя кампаніі. І замежныя інвестары глядзяць, наколькі паспяховы бізнес у іх авангардных калег, і робяць выснову, ці варта самім мець бізнес у Беларусі», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, многія чыноўнікі папросту не хочуць прымаць рашэнні. «Хтосьці страхуецца, хтосьці баіцца, а некаторыя проста валаводзяць. Такога не павінна быць», — упэўнены Мясніковіч.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч заявіў на пасяджэнні аб неабходнасці зняць для інвестараў бюракратычныя перашкоды, якія не даюць магчымасці рэалізоўваць інвестпраекты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?