Гурт «Ляпіс Трубяцкой» прэзентаваў песню «Я веру». Яна ўвойдзе ў новы альбом «Весёлые картінкі», рэліз якога запланаваны на 11 сакавіка.
«Я веру ў Ісуса Хрыста, я веру ў Гаўтаму Буду, я веру ў прарока Мухамада...»,
— спявае Сяргей Міхалок. Акрамя таго ў новай песні згадваюцца Крышна, Тор, Джа і яшчэ цэлы шэраг багоў розных эпох і кантынентаў.
«Мультыканфесійнасць» новага трэку пракаментаваў лідар «Ляпісаў» Сяргей Міхалок:
— Усё, што датычыць рэлігіі, веры, у нас альбо абрастае патрыярхальным пафасам, альбо людзі пра гэта ўвогуле імкнуцца не гаварыць: аднекваюцца, аджартоўваюцца, хіхікаюць... Таму мне і захацелася зрабіць песню, прысвечаную гэтай складанай і нават, я б сказаў, далікатнай тэме. Прычым такую поп-песеньку, у зразумелым і даступным для ўсіх троххвілінным фармаце.
Магчыма, людзям, якія сур'ёзна цікавяцца філасофіяй, эзатэрыкай, містыкай, яна падасца прымітыўнай, але ў мяне не было жадання занурацца ў тэалагічныя нюансы.
Я проста хацеў зрабіць песню, у якой бы даступна і ясна, ледзь не ў духу дзіцячых лічылак, гаварылася пра тое, як я ўяўляю сабе ўладкаванне Сусвету.
Я ўпэўнены, што кожны народ і кожны чалавек нясе ў сабе часцінку нейкай сакральнай ісціны, усё роўна, адукаваны гэта чалавек ці непісьменны, злы ці добры, прэзідэнт або шахцёр, рэлігійны дзеяч або атэіст. І толькі прыслухоўваючыся адно да аднаго, толькі разам, у салідарнасці, сяброўстве і ўзаемнай павазе мы можам паспрабаваць хаця б на крок наблізіцца да боскай задумы. Гэта вельмі сур'ёзная рэч, і я ў гэта веру.
А калі мы будзем па-ранейшаму знаходзіць заганы ў веры іншых людзей, у іх маральна-этычных прынцыпах, у колеры скуры, у разрэзе вачэй, калі мы будзем будаваць узаемаадносіны на аснове гвалту, то працягнем аддаляцца ад ідэалаў, у тым ліку і рэлігійных, якім на словах служым.
Пры гэтым Міхалок не хоча, каб яго ўспрымалі як наваяўленага прапаведніка, «рок-зорку ў сутане».
— Я — вакаліст гурту «Ляпіс Трубяцкой», а ў любым нашым творы ёсць доля іроніі. Я нават са сваіх уласных перакананняў заўсёды гатовы пасмяяцца, бо чалавечыя погляды — гэта струмень, рака.
Яны зменлівыя, таму што эвалюцыя чалавека, які мысліць, грунтуецца на сумневах, а не на перакананнях. А людзі з цвёрдымі, выразнымі, раз і назаўсёды сфармаванымі перакананнямі — палітычнымі, рэлігійнымі — якраз яны і выбухаюць у аэрапортах.
Конкурс «Будзь свабодным!»
Паслухайце новую песню гурту «Ляпіс Трубяцкой» «Я веру» і стварыце візуальны прадукт па яе матывах (гэта можа быць відэа, фота, анімацыя, графіка, жывапіс, калаж, дэматыватар — усё, што падыходзіць для рэтрансляцыі з манітора ці экрана).
Сябрамі журы, у якое ўвойдуць музыкі «Ляпіса Трубяцкога» і кампаніі «Будзьма разам!», у першую чаргу будзе ацэньвацца творчая ідэя кожнай працы.
10 фіналістаў конкурсу атрымаюць падарункі з аўтографамі ад гурту, а таксама па два квіткі на любы з канцэртаў туру «Весёлые картінкі».
Найлепшыя працы або іх фрагменты будуць выкарыстаныя ў відэаінсталяцыі падчас туру.
А галоўным прызам конкурсу будзе паездка на прэзентацыю альбома «Веселые картінкі» ў Маскву, Санкт-Пецярбург ці Мінск.
Пераможцу будзе аплочана дарога туды і назад з любога пункта СНД, пражыванне ў Маскве, Піцеры ці Мінску, а таксама ўручаны VIP-квіток на канцэрт «Ляпісаў».
Працы прымаюцца да 25 лютага па адрасе: [email protected] з пазнакайй «Будзь свабодным!». (Просьба ўказваць сваё імя або псеўданім, узрост, паштовы адрас і нумар мабільнага тэлефона).
Аб'ём дасланага файла не павінен перавышаць 25 Мб.
Тур «Весёлые картінкі»
10 лютага – Ліда, Беларусь. «РДК»
11 лютага – Гродна, Беларусь. «Парламент»
12 лютага – Брэст, Беларусь. «ДК прафсаюзаў»
13 лютага – Віцебск, Беларусь. «Энергія»
16 лютага – Баранавічы, Беларусь. «ГДК»
18 лютага – Кіеў, Украіна. «Бинго»
19 лютага – Сімферопаль, Украіна. «Витамин»
20 лютага – Адэса, Украіна. «Сады победы»
22 лютага – Днепрапятроўск, Украіна. «Тайм-аут»
23 лютага – Луганск, Украіна. «Colosseum»
25 лютага — Запарожжа, Украіна. «ZimaProject»
26 лютага — Данецк, Украіна. «Liverpool»
27 лютага — Харкаў, Украіна. «Жара»
28 лютага — Нікалаеў, Украіна. «Иллюзионъ»
4 сакавіка — Магілёў, Беларусь. «Ліга»
5 сакавіка — Масква, Расія. «Олимпийский». Фестываль «Чартова Дюжина»
6 сакавіка — Санкт-Пецярбург, Расія. «Юбилейный». Фестываль «Чартова Дюжина»
7 сакавіка — Яраслаўль, Расія. «Авангард»
8 сакавіка — Цвер, Расія. «От заката до рассвета»
11 сакавіка — Масква, Расія. «A2»
13 сакавіка — Гомель, Беларусь. Лёгкаатлетычны манеж «Дынама»
18 сакавіка — Санкт-Пецярбург, Расія. «ГлавCLUB»
30 сакавіка — Варшава, Польшча. «Stodola»
1 красавіка — Мінск, Беларусь. «Рэактар»
2 красавіка — Мінск, Беларусь. «Рэактар»
Квіткі на канцэрты ў Мінску: 55 тыс. (толькі танцпляцоўка). У продажы з 15 лютага. Даведка: (017) 288 61 60.