Нямецкі палітолаг Аляксандр Рар, адказваючы на пытанне, чаму ЕС не ўвёў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, заявіў, што гэта не выключана ў будучыні, бо ЕС не дазволіць Лукашэнку гуляць не па дэмакратычных правілах. У адваротным выпадку яго чакае поўная ізаляцыя і лёс Мілошавіча.

Дырэктар Цэнтра імя Бертальда Бейца Германскага таварыства замежнай палітыкі Аляксандр Рар у інтэрв’ю Deutsche Welle адказаў на пытанне, чаму Еўрасаюз устрымаўся ад увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі і чаму візавыя санкцыі з’яўляюцца істотнымі.

— Пасля рашэння ЕС пра санкцыі ў дачыненні да Беларусі загучалі крытычныя галасы: гара зноў нарадзіла мыш. А як лічыце Вы?

— Я думаю, што ЕС адрэагаваў вельмі жорстка і эмацыйна. Беларусь убачыць, што шмат страціць, калі працягне бадацца з Еўрасаюзам, бо за ўжо прынятымі санкцыямі могуць пайсці і іншыя.

Еўрапейцы абураныя тым, што Аляксандр Лукашэнка іх нахабна падмануў.
Ва ўсялякім разе, у іх адчуванне, што яны адкрылі Мінску ўсе дарогі, пайшлі на супрацоўніцтва, нават дзесьці ахвяруючы сваімі прынцыпамі. Да Лукашэнкі на перамовы ездзілі заходнія лідары, абяцалі дапамагаць Беларусі ў рамках Усходняга партнёрства, гаварылі пра эканамічную выгаду.

А потым — шакавальныя карцінкі з Мінска ў ноч пасля выбараў. На Захадзе складаецца меркаванне, што Лукашэнка ад пачатку не хацеў ісці ў еўрапейскім кірунку і проста разыгрываў карту супрацоўніцтва з ЕС, каб атрымаць ад Расіі эканамічныя ільготы.

— Чаму выніковае рашэнне Рады ЕС не прадугледжвае не толькі эканамічных санкцый, але нават замарожвання дапамогі Мінску праз міжнародныя фінансавыя інстытуты, на чым настойвалі дэпутаты Еўрапарламента?

— Таму што ЕС выкарыстоўвае іншую тактыку.

У Еўрасаюзе разумеюць, што нельга настройваць беларускіх грамадзян супраць сябе.
Цяперашнія візавыя санкцыі абмяжоўваюцца пакараннем беларускіх чыноўнікаў найвышэйшага звяна. Санкцыі ні ў якім выпадку не павінныя перашкодзіць працэсу збліжэння паміж грамадзянамі або негатыўна паўплываць на эканамічнае становішча насельніцтва краіны.
Брусэль атрымаў урок з мінулага і цяпер шукае сабе саюзнікаў у асяроддзі грамадзянскай супольнасці і простых беларусаў.

— Што Брусэль хацеў сказаць Мінску прынятымі ў выніку санкцыямі? Які іх галоўны пасыл?

— Што Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС і на далучэнне да Захаду. Але — без Лукашэнкі. Каб беларусы зразумелі: у іх няма будучыні з цяперашнім прэзідэнтам.

— Няма асцярогі, што Аляксандр Лукашэнка ўспрыме ўвядзенне толькі візавых санкцый як праяву слабасці з боку Брусэля?

— Лукашэнка таксама ведае, з кім мае справу. Нельга казаць, што ў Беларусі сядзяць толькі злыдні, а ў ЕС — анёлы. Сітуацыя крыху складанейшая.

Беларуская эліта думае, што ЕС яе хоча павучаць. Яе прадстаўнікі лічаць, што Беларусь — суверэнная дзяржава, і яны могуць у сваёй краіне рабіць што хочуць, і што існуе міжнароднае права, якое абараняе краіну.
Так было заўсёды.

Мы жывем у XXI стагоддзі, калі міжнароднае права, ва ўсялякім выпадку ў Еўропе, таксама змяняецца. Калі тут з’яўляецца дзяржава, якая не гуляе па дэмакратычных правілах і выбіваецца з агульнай цывілізацыі Захаду, пабудаванай на ўніверсальных каштоўнасцях — дэмакратыі, правах чалавека, ліберальнай эканоміцы,-то такую дзяржаву ізалююць. Так было з Мілошавічам, цяпер так караюць Лукашэнку. Пуціна пакараць цяжэй, Расія — велізарная краіна, большая за ўсю Еўропу.

Але спробы пакараць Беларусь ва ўладнай эліце краіны ўспрымаюцца з вялікім неразуменнем. Маўляў, як гэта так — ЕС «наязджае» на суверэнную дзяржаву.

Адсюль у найвышэйшых эшалонах беларускіх элітаў узнікаюць настроі пратэсту — мы, маўляў, не здамося, не адступім і будзем адстойваць беларускі суверэнітэт. І не выключана, што на гэтых эмоцыях Лукашэнка можа пратрымацца.

— У рашэнні Рады ЕС нічога не сказана пра стаўленне да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Гэтае пытанне канчаткова закрытае? Лукашэнка застанецца для ЕС легітымным прэзідэнтам і патэнцыйным партнёрам для дыялогу на наступныя пяць гадоў?

— Я думаю, у ЕС таксама разумеюць, што немагчыма выстаўляць максімальныя патрабаванні, спадзявацца на рэвалюцыю ў Беларусі і сыход Лукашэнкі. Таму ўсё лагічна. Натуральна, Брусэль зыходзіць з таго, што ЕС павінен умацоўваць дэмакратычныя інстытуты і грамадзянскую супольнасць у Беларусі, а яны ўжо потым самі будуць разбірацца, як размаўляць з Лукашэнкам і як дамагацца для Беларусі свабоды.

— Пасля 19 снежня кіраўнік МЗС Германіі Гіда Вестэрвэле не раз вельмі рэзка выказваўся наконт сітуацыі ў Беларусі, называў тое, што адбываецца, непрымальным. Ці не паўплывае празмерна мяккае, як кажуць многія, рашэнне Рады ЕС на аўтарытэт нямецкай дыпламатыі?

— Не думаю. У дыпламатыі трэба і другому боку даваць магчымасць захаваць твар. Калі патрабаваць неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі або жорсткага пакарання, дыялог можа спыніцца. У Германіі, на мой погляд, гэта добра разумеюць. Галоўнае цяпер — утрымаць Беларусь у рамках Усходняга партнёрства, не страціць грамадзянскую супольнасць — людзей, з якімі трэба далей працаваць.

Змены ў краіне магчымыя толькі эвалюцыйным шляхам.
Таму захаванне для Мінска статусу чальца Усходняга партнёрства вельмі важнае для Германіі. Гэтым і выклікана, як некаторыя лічаць, змякчэнне рэакцыі Рады ЕС. Мне ж яна здаецца ўсё-такі істотнай.

Акрамя таго, я думаю, што ЕС, як цяпер раяць прадстаўнікі многіх заходніх мазгавых цэнтраў, можа паставіць беларускае пытанне на парадак дня адносінаў з Расіяй. Тут таксама пачынаюць разумець, што ключ да зменаў у Беларусі насамрэч знаходзіцца ў Маскве, а не ў Брусэлі.

І наступным крокам на шляху змянення сітуацыі ў Беларусі, яе дэмакратызацыі можа стаць спроба дамагчыся гэтай мэты з дапамогай Масквы.
Наколькі гэта рэальна — пакажа час, але такога кшталту рэкамендацыі цяпер гучаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?