02.02.2011 / 17:35

Школа — маскоўская, суды — воўчая яма 10

2 лютага, — дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага. Надзённая публіцыстыка.

Сёння, 2 лютага, — дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага.

«Начальнік паўстання» — адна з самых папулярных і пазнавальных гістарычных постацей Беларусі.

Часавая адлегласць, якая аддзяляе нас ад яго, не такая і вялікая. Каб лёс склаўся іначай,

Каліноўскі, народжаны ў 1838-м, мог бы дажыць бы да беларускай Незалежнасці.
Мо і доля Беларускай Народнай Рэспублікі была б інакшай, каб у 1918-м на чале яе стаў патрыярх вызвольнага руху, жывая легенда — 80-гадовы Начальнік паўстання.

Дый сёння Каліноўскі не ўспрымаецца адстаронена, як несучаснік. У 2006-м менавіта яго імем удзельнікі паслявыбарных пратэстаў называлі пляц у цэнтры Мінска, на якім стаў намётавы гарадок. Асоба Каліноўскага абуджае найбольшую нянавісць у дамарослых гісторыкаў-русацяпаў.

Яго публіцыстыка, знойдзеная падчас ператрусу, адназначна выклікала б падазрэнне ў супрацоўнікаў КДБ
, якія нядаўна ціквіліся вершамі Купалы.

Прапануем Вашай увазе надзіва надзённыя вытрымкі з «Мужыцкай праўды».

«…як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народу лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу.

…А ў нас, Дзецюкі, ці гэтак? Ці ў нас ёсць справядлівая навука ў школах, што вучыць жыць без крыўды другога? Ці ёсць праўда і справядлівасць у судзе? Ці можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Ц ўрад маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыць шчасліва? Самі скажыце?

У нас, Дзецюкі,

адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаць па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіць на маскаля. Суды — гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, ці за табой праўда, ці не, а скубуць адно як могуць. Бяспекі ніякай няма, хто дужэйшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кожнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народу і застагнаць
, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы.

…Калі Цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашам краю няма людзей здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё свае аддаці для народу, а для таго, што Цар гэтакіх людзей у сыбір высылае, а

за нашыя грошы назначае чыноўнікаў гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца.
Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжо да розуму — ён, калі і няма прыказу Цара, то сам выдумае спосаб як абадраці бедны народ. І дзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відаць, што

глум, здзерства і несправядлівасць выходзіць ад самога Цара
 — ён то з нас выбірае войска, ён то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а, ўзяўшыся са ўсімі гіцлямі за рукі, адно нас трымае ў няволі. Але прыходзіць яму ўжо канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць, гэта ўсё роўна што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народа! Вось таму Цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняць будзе… Ён знае, якая то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што мужык хоча, каб ніхто не смеў драць з нікога, — і для таго, як мы яго ўраду, так ён нашай вольнасці баіцца…

Яська, гаспадар з-пад Вільні».

«Мужыцкая праўда» № 4

Сяргей Мікулевіч

0
Шмайсер / Адказаць
02.02.2011 / 18:00
тру
0
Віталь з Менску / Адказаць
02.02.2011 / 18:02
У школах такое вывучаць як Біблію. З маленства. Цяпер мала прапагандуюцца яго лісты ў нашай краіне. Нават апазіцыянерам няма калі данесці іх да людзей. Імя Каліноўскага на Беларусі шмат каму вядомае, але яго словаў мала хто ведае. Можа, калі б ведалі, дык і думалі бы інакш. А мо і дзейнічалі б...
0
Алег / Адказаць
02.02.2011 / 18:08
Сярод нашых людзей чуў я пра аднаго, Хто з народа суцэльна не вытрываў здзека.. Правядзіце!! Правядзіце мяне да яго!! Я хачу бачыць гэтага чалавека! Праз вякі і стагоддзі люд ён просты падняў Ад прыгоннага права адкінуць аковы Боль і жах у вачах сэрцам так не прыняў І казаў ім натхнёныя словы: “Дзецюкі!! Можа хопіць нам больш трываці? Можа час не дабіў да апошняга звона… Як там бацька ваш, як там браты, а як маці? Шчэ трываюць ярмо прыгона? Шчэ грабуць да апошняе скрыначкі хлеба? Іх рабуюць налева…а болей направа! Паўстаем, бо такая ў нас ёсць патрэба! Пераможам…бо маем права! Разам – мы ж перавернем заманам-падманам Возьмем вілы – апошнюю нашую мову І прайдземся па рожах нязначных тыранаў І навекі абрынем аковы. Беларусы мы…з намі і праўда ,і вера З намі мова…а што нам яшчэ патрэбна? Свае словы ганьбы і свайго недавера Мы занадта аформілі згрэбна!” Ён казаў, потым справай даказваў словы, Можа праўдаю браў…ну а можа падманам. Не ўступаў ён з тыранамі ў перамовы – Адна зброя ёсць супраць тыранаў!! Проста мовіў гарматна ад рыфмаў на стыкі, Пра нядолю народа і лёс той бацькоўскі.. Быў ён ціхі, маленькі, але ж вельмі вялікі… Такі вялікі…І ўсё ж такі Каліноўскі! Сярод нашых людзей я застаў аднаго, Што любіў Беларусь…і не вытрываў здзека.. Правядзіце!! Пранясіце мяне да яго!! Я хачу бачыць гэтага чалавека!
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру