25.11.2006 / 14:15

Як выпаў у асадак баец нябачнага фронту Кропкі над "і" 7

...Грозны дакумэнт быў на ланцужку — так ў 19-м стагодзьдзі насілі гадзіннікі-цыбуліны. Мусіць, службовец паклапаціўся, каб выпадкова не згубіць пасьведчаньне падчас перасьледу якога-небудзь шпіёна :)

А ведаеце, ня трэба ніякіх рэвалюцыяў. Каб у нас стала ад першага да апошняга радка выконвацца канстытуцыя, хай сабе і адрэдагаваная, мы б праз хуткі час жылі ў адной з самых дэмакратычных краінаў сьвету.

Перачытайце дзеля цікавасьці. Там усё ў адным фляконе — ад плюралізму ідэалёгіяў да права доступу партыяў да дзяржаўных мэдыяў.

Аднойчы мне надта дапамагло веданьне назубок савецкай канстытуцыі (каюся, быў старанным студэнтам).

...У 1986—88 гадах аўтар гэтых радкоў рэдагаваў моладзевы часопіс "Ветразь" ("Парус"). Ён выдаваўся ў Менску, але меў распаўсюд на ўсім абсягу Савецкага Саюзу. Наклад перасягаў мільён асобнікаў. Падлеткі палявалі на сьвежыя нумары ўжо таму, што там зьяўляліся матэрыялы пра музыку з каляровымі партрэтамі куміраў року, які тады толькі-толькі выходзіў з-пад ідэалягічнай забароны.

Але кранала выданьне і сур'ёзныя тэмы. Тут для "Ветразя" стаўся спадарожным гарбачоўскі вецер пераменаў (памятаеце аднайменны хіт "Скарпоў"?).

У прыватнасьці, аднойчы надрукавалі з камэнтаром ліст групы моладзі з Львову. Ананімныя аўтары ўздымалі яшчэ фактычна табуяваную на той час тэму. Ні многа ні мала — выказваліся за ўтварэньне незалежнае дзяржавы на тэрыторыі Ўкраіны!

У камэнтары ж, калі коратка, зазначалася, што ня варта бэсьціць маладых за крамолу. Бальшавікі, маўляў, сапраўды шмат наварочалі ў нацыянальным пытаньні, хаця яно вымагае далікатнасьці. Вунь нават Ленін пісаў аб праве нацый на самавызначэньне і ў сьнежні 1917 году адпусьціў на волю Фінляндыю.

Дарэчы, у супярэчлівую пару перабудовы, калі гранкі нумароў па-ранейшаму чыталіся грозным Галаўлітам (для маладзейшых: гэта ня прозьвішча, а назва ўстановы, што займалася "аховай дзяржаўных таямніцаў у друку"), прагрэсіўную публіцыстыку часьцяком ратавала ад цэнзуры тэза пра тое, што кепскі Сталін перакрывіў прыгожыя ідэі мудрага Леніна. Іначай кажучы, галоснасьць даводзілася браць часткамі. З Ёсіфа Вісарыёнавіча табу тады ўжо зьнялі. Да Ільліча справа дойдзе пазьней.

Карацей, праз Галаўліт праскочылі, але...

Пасьля выхаду нумару ў рэдакцыю прыйшоў чалавек у цывільным. Паказаў пасьведчаньне здагадайцеся якой канторы.

Запомнілася, што грозны дакумэнт быў на ланцужку — так ў 19-м стагодзьдзі насілі гадзіннікі-цыбуліны. Мусіць, службовец паклапаціўся, каб выпадкова не згубіць пасьведчаньне падчас перасьледу якога-небудзь шпіёна :)

Карацей, пачалося высьвятленьне, адкуль ногі растуць у тае крамолы.

Ліст, хоць і ананімны, быў зарэгістраваны ў рэдакцыі належным чынам (наконт гэтага было строга), так што камар дзюбы не падаткне. Бачыце, ня з пальца выссалі праблему!

Госьць стаў хіліць у тым кірунку, што гэта патыхае антыдзяржаўнай прапагандай. Ці разумеце, таварыш рэдактар, што за такія рэчы па галоўцы не пагладзяць?

І тады я дастаў з шафы кніжачку тагачаснае канстытуцыі. Моўчкі разгарнуў на патрэбнай старонцы і падкрэсьліў алоўкам артыкул 72: "За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права вольнага выхаду з СССР".

Загартаваны баец нябачнага фронту выпаў у асадак.

Выглядала на тое, што артыкул 72 стаўся для яго адкрыцьцём Амэрыкі.

Зьбянтэжаны наведнік хутка адвітаўся, і болей мы зь ім ня бачыліся.

... Я вось думаю: а ці ўсе нашы чыноўнікі добра чыталі цяперашні Асноўны закон?

Зрэшты, вы самі разумееце, што рэч у іншым.

Дарэчы, сталінская канстытуцыя фармальна выглядала самай прагрэсіўнай у сьвеце. Над ёй шчыраваў рэвалюцыйны рамантык Бухарын.

Дакумэнт прынялі ў 1936-м.

У 38-м "ворага народу" Бухарына расстралялі.

І тады ж шчоўкалі стрэлы ў Курапатах.

Забівалі тых, каму сньніліся сны аб Беларусі.

А канстытуцыя была прыгожая.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Zacikaulieny / Адказаць
26.11.2006 / 00:42
Законы Рымскай імпэрыі забаранялі караць сьмерцю цнатлівых дзяўчат. Каб не парушаць закону, Калігула загадваў перад тым пазбаўляць ахвяраў цноты. Далей усё было "законна"...
0
Home Alone / Адказаць
26.11.2006 / 01:34
Дык, наколькі я ведаю, ніхто асабліва і не выступае супраць цяперашняй Канстутыцыі. Галоўнае - бацьку скінуць.
0
RightRevolution / Адказаць
26.11.2006 / 05:21
Законапаслухмянасьць у нашага народа не сядзіць "у касьцёх". Нават калі пачаць зараз дзетак з садкоў вучыць гэтаму - пройдзе пакаленьня 3, пакуль мы дасягнём заходняга ўзроўня. Ў гэтым вельмі вялікі грэх існуючай улады, бо яна вяртае нас у час, калі людзі жылі "па-паняцьцях". Дарэчы, сп. Класкоўскі, пасьля візыту чэкіста для Вас праблем не было?
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру