Расія не збіраецца заплюшчваць вочы на праблемы правоў чалавека ў Беларусі, заявіў 3 лютага міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў
падчас запісу праграмы Spotlight Аляксандра Гурнова, якая выйдзе ў эфір на тэлеканале Russia Today у найбліжэйшую суботу.

«Беларусь — наша братняя краіна, стратэгічны партнёр, але гэта не азначае, што мы заплюшчым вочы на парушэнне асноўных правоў і свабод», — цытуе Лаўрова РІА Новости.

Паводле слоў міністра, Масква «не збіраецца кіравацца двайнымі стандартамі, што неабходна для выканання правоў і свабод у самой Расіі». «Ёсць пэўныя стандарты, ёсць абавязацельствы, пад якімі мы падпісаліся», — заявіў Лаўроў.

Ён назваў «непрымальнымі» арышты ў Беларусі кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, а таксама двух расійскіх грамадзян.

«Мы спрабуем атрымаць больш яснасці ў беларускіх калег», — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства РФ.

Нагадаем, грамадзяне Расіі Арцём Брэус і Іван Гапонаў уваходзяць у лік абвінавачваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Паводле звестак расійскага пасольства ў Мінску, сёння ім можа быць прад’яўлена канчатковае абвінавачанне.

1 лютага прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў даручыў расійскаму МЗС улічваць у сваёй пазіцыі меркаванне праваабаронцаў па падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

2 лютага Сяргей Лаўроў заявіў, што Расія не падтрымлівае санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам і ЗША ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, аднак лічыць непрымальнымі масавыя арышты пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён выказаў надзею на тое, што беларускія ўлады аператыўна адрэагуюць на патрабаванне Захаду вызваліць арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты, журналістаў і праваабаронцаў, а таксама забяспечыць абарону правоў чалавека і палітычных свабод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?