04.02.2011 / 12:26

МУС затрымала Віталя Тапузідзіса — роднага брата найбуйнейшага беларускага бізнэсоўца 9

Родны брат Паўла Тапузідзіса, старшыні праўлення ТАА «Табак-Инвест» і суўладальніка ГЦ «Карона», быў затрыманы па падазрэнні ў падбухторванні да давання буйнога хабару службовым асобам дзяржаўных органаў.

Павел Тапузідзіс уваходзіць у дзясятку самых уплывовых (у сэнсе — набліжаных да ўлады) бізнэсоўцаў Беларусі. Менавіта таму аперацыю па затрыманні яго роднага брата ў МУС ужо ахрысцілі адной з самых складаных і буйных аперацый, праведзеных па лініі супрацьдзеяння карупцыі за апошнія гады.

Трэба адзначыць, што прозвішча Тапузідзіс добра вядомае не толькі буйному бізнэсу Беларусі, але і ўсяму кіраўніцтву краіны.

Павел Тапузідзіс мае дастаткова блізкія адносіны з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і, больш за тое, з’яўляецца яго актыўным прыхільнікам — нават з уласнай ініцыятывы ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях.

Напэўна, менавіта таму ва Упраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі катэгарычна адмовіліся даваць якія-небудзь каментары па гэтай справе. Сітуацыю яшчэ ўскладняе тая акалічнасць, што цяпер МУС працуе па тых самых чыноўніках, якім павінен быў перадаць грошы Віталь Тапузідзіс. Калі, вядома, павінен быў.

Справа ў тым, што Віталь Тапузідзіс (ён яшчэ часам называе сябе Уладзімірам) вядомы ў праваахоўных органах не з найлепшага боку.

Не маючы дачынення да бізнэсу роднага брата і да яго сувязяў, ён часам прыкрываўся яго імем і знаёмствамі, ладзячы розныя сумнеўныя мерапрыемствы.
Напрыклад, у 2006 годзе ў Беларусі праваахоўнымі органамі была распачатая крымінальная справа, якая ледзь не каштавала ТАА «Табак-Инвест» рэпутацыі. Былі падазрэнні, што кампанія праз падстаўную структуру ажыццяўляе кантрабанду цыгарэт у Беларусь. Калі пачалі разбірацца, высветлілася, што гэта задума Віталя Тапузідзіса, які, прыкрываючыся імем брата, спрабаваў арганізаваць свой не зусім чысты бізнэс. Справу, само сабой, ціха замялі і забыліся пра яе. Улічваючы гэтую гісторыю, вельмі складана выказаць здагадку, што Павел Тапузідзіс можа мець нейкае дачыненне да новага карупцыйнага «бізнэсу» свайго брата. Хутчэй за ўсё, Віталь зноў выкарыстаў імя брата, каб паказаць патэнцыйнаму кліенту, што ён можа «вырашаць пэўныя пытанні».

Як высветліў «Ежедневник», антыкарупцыйная аперацыя была праведзеная сіламі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС Беларусі. У панядзелак, 31 студзеня, прыблізна, а 16-й гадзіне, аператыўнікамі і байцамі «Алмаза» быў затрыманы заснавальнік ТАА «Ринта плюс». Затрыманне адбылося з доказамі злачынства, адразу пасля атрымання ім 5 тысяч даляраў ад генеральнага мэнэджара ТАА «Дом Аугустин Лопес», які, дарэчы, з’яўляецца грамадзянінам Конга і мае від на жыхарства ў Беларусі. ТАА «Дом Аугустин Лопес» з’яўляецца кіроўнай кампаніяй вядомага мінскага рэстарана CASA AGUSTIN LOPEZ, і грошы перадаваліся для наступнай перадачы службовым асобам дзяржаўных органаў за спрыяльнае вырашэнне пытання па заключэнні дамовы арэнды на выгадных умовах у інтарэсах рэстарана. Рэстаран CASA AGUSTIN LOPEZ, паміж іншым, арандуе памяшканне ва Упраўлення справамі прэзідэнта.

Ужо на першым жа допыце затрыманы паказаў, што насамрэч усе пытанні са службовымі асобамі УСП будзе вырашаць не ён, а Віталь Тапузідзіс, які дзякуючы свайму брату мае выхады на патрэбных людзей.
І вось праз дзве гадзіны супрацоўнікі Упраўлення пра барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і падраздзялення «Алмаз» МУС надзяваюць наручнікі на брата вядомага бізнэсоўцна. Ён падазраецца ў тым, што падбухторваў кіраўніка ТАА «Дом Аугустин Лопес» даць хабар у 10 тысяч даляраў службовым асобам дзяржаўных органаў за спрыяльнае вырашэнне пытання па заключэнні дамовы арэнды на выгадных умовах у інтарэсах рэстарана. Наколькі рэальна Віталь Тапузідзіс мог вырашыць гэтае пытанне, пакуль сказаць складана. Але людзі, якія добра яго ведаюць, кажуць, што хутчэй за ўсё ён зноў скарыстаўся імем і сувязямі брата.

0
Александр / Адказаць
04.02.2011 / 12:43
Когда Калинин работал на Сталина, его жена сидела в лагерях. Так оно надежней.
0
Міхал / Адказаць
04.02.2011 / 13:00
Затрымліваць есьць за што - бяспрэчна. Да таго ж магчыма застрэліць двух зайцоў - барацьба з карупцыяй і барацьба з карупцыяй у сваім атачэньні.
0
BlondinkO / Адказаць
04.02.2011 / 13:29
При допросе подозреваемых есть такая игра "хороший-плохой следователь". главное- разыгрывать убедительно. тут тоже 2 брата разыгрывают "хороший-плохой брат": все активы общие.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру