– Грамадзянін Беларусі, які дзейнічаў насуперак інтарэсам Польшчы, быў затрыманы ў Літве, – заявіў генэральны пракурор Польшчы Януш Качмарэк. Паводле інфарматара Польскага нацыянальга агенцтва навінаў (РАР), гэты шпег уяўляў «вельмі сур’ёзную пагрозу для бясьпекі Польшчы».

Качмарэк не захацеў паведаміць, калі дакладна беларус быў затрыманы і чым канкрэтна ён займаўся. Заўважыў толькі, што той шпегаваў «доўгі час на шкоду эканамічным і абарончым інтарэсам Польшчы».

Дзейнасьць затрыманага ў Літве беларускага шпега магла быць зьвязаная зь бясьпекай саміту НАТО, які пройдзе ў Рызе 28-19 лістапада, – паведаміла карэспандэнту РАР крыніца ў польскіх спэцслужбах, якая пажадала застацца неназванай.

Інфарматар РАР, аднак, не захацеў паведаміць, у чым канкрэтна палягала дзейнасьць шпега і ці быў ён калі ў Польшчы: «Супраць Польшчы можна працаваць у розных краінах». Ён, аднак, ня выключыў магчымага дачыненьня беларуса да справы вакол куплі польскім нафтаканцэрнам PKN Orlen нафтаперагоннага заводу ў горадзе Мажэйкі (Mažeikiai) ў Літве.

Паводле крыніцы РАР, затрыманьне беларускага шпега было фіналам працяглай і складанай апэрацыі польскіх спэцслужбаў, у якой «літоўцы толькі дапамагалі». Паводле інфарматара, літоўцы пасьпяшаліся з абнародаваньнем вынікаў спэцапэрацыі, бо «вельмі хацелі посьпеху».

Пракурор Качмарэк у часе свайго знаходжаньня ў Літве падкрэсьліў, што затрыманьне шпега сталася мажлівым дзякуючы «сумесным намаганьням польскага Агенцтва разьведкі і літоўскіх службаў».

– Гэта посьпех польскай разьведкі і доказ яе прафэсіяналізму і добрага супрацоўніцтва зь літоўскімі спэцслужбамі, – сказаў міністар-каардынатар спэцслужбаў Зьбіґнеў Васэрман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?