Паважаны спадар Андрэй Дынько і калектыў рэдакцыі «Наша Ніва»!

Шчыра віншуем вас са сьвяткаваньнем сёньня 100-гадовага юбілею са дня публікацыі першага нумару газэты «Наша Ніва».

Дзякуем вас за глыбокія артыкулы, далёкія ад палітычнага радыкалізму і фанатызму. Такая асьцярожная пазыцыя, якая не ўмяшчаецца ў рамкі прынятай палітычнай дактрыны на пэўны гістарычны пэрыяд, наканавала газэце адпаведны лёс. Да 1917 году «Наша Ніва» ставілася крытычна да царскай, а пасьля 1917 – да савецкай улады, за што цярпела ад абедзьвюх. Шкадуем, што ў апошнія часы ў вашай газэце зьявіліся праблемы з распаўсюджваньнем і юрыдычнай рэгістрацыяй, уключая нядаўняе папярэджаньне Міністэрства інфармацыіі.

Мы спадзяемся, аднак, што ўнікальная гістарычная роля «Нашай Нівы» у культурным і палітычным жыцьці Беларусі будзе заўсёды годна ацэнена грамадзтвам, а газэта будзе і наступныя 100 гадоў цешыць чытачоў сваімі артыкуламі.

Асобна віншуем спадара Андрэя Дынько за атрыманьне прэміі «Свабода выказваньня»!

З павагай,

Амбасадар Оке Петэрсон, ад імя Офіса АБСЭ у Менску

Шаноўная рэдакцыя газэты "Наша Ніва"!

Віншуем шаноўных калегаў з 100-гадовым юбілеем. Ганарымся, што амаль ўсе

тэвээлаўцы супрацоўнічалі, а іншыя працягваюць супрацоўнічаць з легендарным

беларускім пэрыёдыкам. Зычым вам трываласьці, веры і дзейснай патрымкі

папярэднікаў, айцоў "Нашай Нівы".

Як і 100 гадоў таму, на вас, нашаніўцах, ляжыць вялікая адказнасьць.

Памятайце пра гэта.

Будзем разам. Мусім годна прайсьці найноўшы беларускі шлях.

Ад сяброў Таварыства Вольных Літаратараў: Алесь Аркуш, Вінцэсь Мудроў, Юры

Гумянюк, Юрась Пацюпа.

Віншую «нашаніўцаў» са слаўным юбілеем!

Зычу таленавітых аўтараў, удзячных чытачоў-падпісчыкаў, росту накладу й папулярнасьці выданьня!

Уладзімер Сіўчыкаў

Паважаная рэдакцыя

Плёну, імпэту, спагады, сілаў і аднадумцаў вам! за100емся!

А. Бацюкоў

Паважаная рэдакцыя!

Віншую вас і «НАШУ НІВУ» з такім цудоўным юбілеем – 100 год!!!!!!!!!!!!

Жадаю захаваць старыя, добрыя традыцыі! І – новых здзяйсненняў ды адкрыццяў!

З павагай, Дар’я Ліс

Віншую зь юбілеем!

Зычу росквіту й плёну ў працы!

Аляксей Колчын

100 год Нашай Ніве

Стагодзьдзе таму нашыя папярэднікі заснавалі тое, што сталася апірышчам усёй беларушчыны, зрабілася яе падмуркам. Падмуркам дому, на дзялянцы Багушэвіча.

Як бы там ні было, але за тыя першыя гады існаваньня НН была абуджана вялікая хваля беларусізацыі, што адрадзілася з амаль ніадкуль. Тая хваля пасьля здоляла за наступнае дзясядзігодзьдзе выставіць сьцены тоё беларускай хаткі, якая пасьля пратрывала болей паўвеку. Стаіць дасюль.

Сто год гэты будынак спрабавалі зачыніць, знішчыць, выпаліць і спляжыць. Колькі разоў падавалася, што ён лясьне. Што зарасьце пустазельлем нават падмурак і нічога ўжо не ўзгадае пра наш дом. Пра нашу Беларусь. Але добра відаць быў заліты падмурак, моцная была цэгла ў сьценах…

Нам наканавана (а мо і пашчасьціла) толькі ўладкоўваць, аздабляць той дамок у сярэдзіне. У марах – зрабіць эўрарэмонт.

Але сёньня нашаму падмурку, нашай НАШАЙ НІВЕ 100 год.

Усіх супрацоўнікаў НН і усіх чытачоў віншую з гэтай гадавінай. Мы разам ператрываем усё наступствы і віхуры часу і злых людзей.

Руслан Равяка, Баранавічы

Шчыра віншуем аўтараў і чытачоў "Нашае нівы" зь юбілеем. Зычым плёну ў працы, натхненьня і мужнасьці.

"Нашыя дзеткі"

Віншую са стогадовым юбілеем рэдакцыю ўзноўленай «Нашай Нівы» і асабіста спадара Дынько. Творчага плёну. Жыве Беларусь!

Ала (Альбіна) Сямёнава

Шчыра віншую вас з гэтым сьвятам! Хочацца пажадаць толькі аднаго – не спыняцца і далей рабіць сваю працу.

Вялікі дзякуй Вам за тое, што змагаецеся за Нашу Ніву.

Чытач

Дарагія сябры!

У мяне 23 лістапада двайное сьвята, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіліся мае дзеці, як я жартую "блізьняты з розніцай у шэсць гадоў". А сёлета сьвята трайное, таму што юбілей Нашай нівы гэта таксама дарагая і блізкая майму сэрцу дата. Шчыра віншую калектыў рэдакцыі са 100-годдзем першай беларускай газеты. Дзякуй вам за тое, што насуперак усім цяжкасьцям высока трымаеце сьцяг беларускасьці, за надзею і радасьць, якую прыносіць кожны новы нумар. Посьпехаў вам і нашай агульнай справе. Трымайцеся!

Жыве Беларусь!

Валянціна Гракун

Шаноўнае спадарства!

Віншую ўсіх нашаніўцаў і чытачоў са стагодзьдзем газэты нашае душы!

Зычу, каб беларускі Мінатаўр, імя якому самота быў урэшце пераможаны!

Вытрымкі і плёну! Радасьцяў вялікіх і яшчэ большых!

Сяргей Балахонаў

Мілая «Наша Ніва»

Дзякуй Табе, што Ты ёсьць... і будзь неўміручай!

А нашаніўцам зычу трываньня, натхненьня і апантанасьці.

Творачы – зруйнуем (...спагадай Божа!)

Усіх цёпла-цёпла абдымаю і віншую.

Наталька Харытанюк

Шаноўны рэдактар газэты «Наша Ніва» сп.Андрэй Дынько!

Паважаны калектыў рэдакцыі і ўсе прыхільнікі беларускага Слова!

Віншую Вас усіх з стагодзьдзем выхаду першага нумару газэты «Наша Ніва». Прайшло сто год, але нічога ў сьвеце і ў Беларусі не зьмянілася. І гэта сымбалічна: газэту забаранялі чытаць у 1906 годзе, тое ж робяць беларускія ўлады і зараз. Але калектыў газэты «Наша Ніва», нягледзячы на вялікія цяжкасьці і перашкоды на сваім шляху, усё роўна працягвае працаваць на карысьць Адраджэньня Беларусі, бо «Наша Ніва» – гэта газэта, якая абуджае нацыянальную самасьвядомасьць кожнага, хто чытае яе, і нагадвае праз зьмястоўныя нататкі нам пра тое, што мы – старажытны народ. Непрыяцелі хацелі заняволіць Беларусь, хацелі зьнішчыць усё беларускае. Але народ ня змог забыць свае нацыянальныя сымбалі: герб Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг. І ў гэтым ёсьць нямалая зслуга газэты «Наша Ніва», дзе працуюць сапраўдныя патрыёты, якія штодня і штохвілінна жывуць дзеля Маці-Радзімы, дзеля роднага крывіцкага Слова.

Я веру ў тое (і чакаю той час!), калі «Нашу Ніву» будуць чытаць у кожнай беларускай хатцы, у кожнай беларускамоўнай сям’і.

Зычу ўсяму калектыву рэдакцыі газэты «Наша Ніва» дабра, шчасьця, здароўя, стойкасьці і творчага натхненьня на карысьць Бацькаўшчыны, на карысьць беларускага Адраджэньня. Жыве вольнае і незалежнае беларускае Слова! Жыве Беларусь!

Заўсёды Ваш

Юры Уладзімеравіч Мянькоў, настаўнік Баравабудзкай школы Кармянскага р-у Гомельскай вобласьці