Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Беларусі, лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна просіць сусьветную супольнасьць выратаваць ейнага мужа ад пагібелі.

«Сёньня ад кожнага з вас залежыць жыцьцё майго мужа, – вядзецца ў звароце. – Ужо 39-ты дзень ён трымае галадоўку пратэсту супраць існага дыктатарскага рэжыму нелегітымнага прэзыдэнта А.Лукашэнкі. За свае палітычныя перакананьні А.Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. У краіне – працяглы канстытуцыйны крызіс. Сытуацыя з правамі чалавека крытычная. Трэці камітэт Генэральнай асамблеі ААН з ініцыятывы ЗША, Канады і Эўразьвязу ўхваліў рэзалюцыю пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Я вельмі ўдзячная за гэты крок наперад. Мой муж перакананы, што толькі Рада бясьпекі ААН можа паўплываць на зьмяненьне сытуацыі ў краіне. Беларусь – паўнапраўны чалец ААН і мусіць лічыцца з рашэньнем Рады бясьпекі ААН. Таму А.Казулін зьвяртаецца з просьбай, каб хаця б адна з краінаў «вялікай восемкі» выступіла з прапановай пра пастаноўку беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Сёньня я заклікаю з адчайнай просьбай зрабіць вас усё, што ад вас залежыць. Іначай мой муж, які адважыўся процістаяць дыктатарскаму рэжыму, можа загінуць!»

25 лістапада, на дзень народзінаў А.Казуліна, яму дазволілі кароткую сустрэчу з жонкай і дачкой. Яны перадалі зьняволенаму палітыку цёплую куртку ды прадукты на выпадак выхаду з галадоўкі. «Мы яго прасілі кінуць галадаць. Аднак муж сказаў, што будзе галадаць да тае пары, пакуль ягоных патрабаваньняў ня выканаюць», – распавяла І.Казуліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?