Роўна 86 гадоў таму, у 1920 г. пачалася збройная барацьба жыхароў Случчыны з бальшавікамі. 14-15 лістапада ў вялікай залі дома Эдварда Вайніловіча прайшоў зьезд Случчыны, у якім узялі ўдзел 117 чалавек з 15 валасьцей. Старшынём быў абраны эсэр Васіль Русак, а віцэ-старшынём Уладзімір Пракулевіч.

Дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой віталі Найвышэйшую раду БНР, і заявілі катэгарычны пратэст супраць савецкай улады на Беларусі як «чужацкай». Асноўным зместам рэзалюцыі было рашэнне падняць паўстанне «супраць акупацыі» за «незалежную Беларусь».

Рада сфармавала брыгаду, што складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Першы полк фармаваўся ў Слуцку, другі – у мястэчку Грозава. Баявыя дзеяньні з бальшавікамі і пачаліся 27 лістапада. Слуцкая брыгада зрабіла некалькі пасьпяховых атакаў ля Капыля, Цімкавічаў і Вызна. Супраціў бальшавіцкім войскам аказвалі і звычайныя сяляне. Разгарэлася сапраўдная партызанская вайна. Аднак сілы былі відавочна няроўнымі. 31 сьнежня случчакі былі вымушаныя перайсьці польскую мяжу, дзе былі раззброеныя.

Васіль Быкаў быў прысьвяціў трагічным слуцкім падзеям апавяданьне «На Чорных Лядах». Сёлета пабачыла сьвет другое выданьне кнігі «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах», якую тры гады таму падрыхтавалі Ўладзімер Ляхоўскі, Уладзімер Міхнюк і Аляксандра Гесь.

На эміграцыі 27 лістапада ўваходзіла ў сьпіс трох найгалоўных грамадзкіх сьвятаў, што сьвяткавалі беларуская дыяспара.

У сёньняшняй Беларусі 27 лістапада ўшаноўваецца незалежным грамадзтвам, як Дзень герояў у памяць паўстанцаў-случакоў.

Сёлета напярэдадні 26 лістапада ў Слуцку ля будынку, дзе была абвешчана Слуцкая рада, адбыўся мэмарыяльны мітынг, арганізаваны сябрамі КХП-БНФ. Зь Менску аўтобусамі прыехала багата моладзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?