Некалькі простых правілаў, якія дамогуць уратавацца ў цяжкую хвіліну.

У Беларусь завітаў ураган «Мікалай». Ён ідзе да нас з Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы. Сіноптыкі папярэджваюць, што хуткасць ветру можа дасягнуць 25—27 м/с (90—97 км/г). Моцны вецер захаваецца і ў сераду, 9 лютага. Такія экстрэмальныя ўмовы тояць у сабе шмат небяспечных момантаў. Як сябе паводзіць, калі ў часе ўрагану вы знаходзіцеся ў памяшканні, апынуліся на вуліцы, або калі шквалісты вецер заспеў вас у дарозе? Ёсць некалькі простых правілаў, якія дамогуць уратавацца ў цяжкую хвіліну.

Пад абаронай сценаў

На момант разгулу стыхіі вы знаходзіцеся ў доме, але гэта не азначае, што вы цалкам абароненыя ад наступстваў моцнага ветру. Найперш небяспеку тояць вокны. Праверце, ці надзейна яны зачыненыя, а таксама форткі. Па магчымасці шкло ў вокнах варта заклеіць скотчам па дыяганалі. Ураганны вецер часта абрывае лініі электраперадач, таму трэба загадзя падрыхтаваць альтэрнатыўныя сродкі асвятлення — ліхтарыкі, свечкі, запалкі. Пакладзіце іх у даступным месцы. Пасля таго, як вецер аціхне, выходзіць на вуліцу трэба з асцярожнасцю: ураган мог пашкодзіць дах вашага дому, кавалкі шыферу або гонты могуць звісаць з краю даху.

На вуліцы

Моцны вецер часта зрывае фрагменты дахавага пакрыцця, ломіць дрэвы. Таксама існуе пагроза атрымання раненняў аскепкамі шкла. Калі ўраган заспеў вас пасярод вуліцы, паспяшайцеся схавацца ў пад’ездзе, краме, наогул, у любым надзейным памяшканні. Калі ёсць магчымасць, у часе моцнага ветру абмінайце бокам паркі і алеі. Не забывайце пра магчымыя абрывы ЛЭП.

У аўто

Кіроўцам варта памятаць пра эфект бакавога ветру пры выездзе з лесу на адкрытую мясцовасць. Нечаканы парыў моцнага ветру можа кінуць аўто на ўзбочыну, або на паласу сустрэчнага руху. Будзьце максімальна пільныя і загадзя прымайце аптымальнае становішча на сваёй паласе руху пры набліжэнні да небяспечнага ўчастка дарогі. Вы шчасліва даехалі да месца прызначэння. Але расслабляцца яшчэ рана — самы час падумаць пра тое, дзе прыпаркаваць аўто. Не стаўце машыну пад дрэвамі і побач з ненадзейнымі пабудовамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?