Міністэрства фінансаў Беларусі лічыць неабходным скараціць колькасць занятых у бюджэтнай сферы на 10–15%. Пра гэта 9 лютага падчас пашыранага пасяджэння калегіі міністэрства ў Мінску заявіў міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

«Памер залішняй колькасці занятых у бюджэтным сектары можа быць ацэнены ў 10–15%», — сказаў міністр.

Ён падкрэсліў, што існуюць перадумовы для перагляду штатаў бюджэтных арганізацый. «Доля эканамічна актыўнага насельніцтва, занятага ў бюджэтным сектары, значна перавышае паказчык краін-суседзяў з падобным узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця», — сказаў Харкавец.

Паводле слоў міністра, доля занятых у адукацыі, ахове здароўя, сацыяльным абслугоўванні, у Беларусі складае 17,5%. Разам з тым у суседніх краінах гэты паказчык вагаецца ад 12,8% (у Латвіі) да 16,8% (у Расіі). «Але гэта дакрызісныя адрозненні занятасці ў бюджэтнай сферы, якія павялічыліся ў перыяд крызісу», — адзначыў Харкавец.

Паводле яго слоў, краіны, якія заявілі курс на лібералізацыю і прыцягненне замежных інвестыцый, характарызуюцца параўнальна нізкім узроўнем уцягвання эканамічна актыўнага насельніцтва ў бюджэтны сектар.

«Узровень ВУП на душу насельніцтва ў гэтых краінах блізкі да ВУП Беларусі, але доля занятых у асноўных галінах сацыяльнай сферы ніжэйшая на 3,5 працэнтнага пункта і складае 14%», — падкрэсліў Харкавец.

Паводле ацэнак міністра, прывядзенне колькасці занятых у бюджэтнай сферы ў адпаведнасці з рэальнымі патрэбнасцямі эканомікі дазволіць скараціць расходы бюджэту на 2 трлн. рублёў. «Большую частку гэтых сродкаў можна было б пераразмеркаваць на фінансаванне інвестыцый у развіццё бюджэтнай сферы і вывесці яе на якасна новы ўзровень», — адзначыў Харкавец.

Ён перакананы, што ўся сістэма бюджэтных арганізацый павінна набыць новае аблічча: «Бюджэтны сектар не павінен быць статычным, ён павінен рэфармавацца разам са зменамі эканамічнай сітуацыі».

Ён таксама лічыць неабходным устанавіць ліміт фінансавання для галіновых міністэрстваў і рэгіёнаў з улікам эканамічных магчымасцяў дзяржавы. «Не аб’ёмы фінансавання павінны адпавядаць сетцы бюджэтных устаноў, а, наадварот, штаты арганізацый павінны падладжвацца пад магчымасці бюджэту», — падкрэсліў Харкавец.

Паводле слоў міністра, для Мінфіна значна важней, «як арганізацыя рэалізуе сваё дзяржаўнае прызначэнне, наколькі насельніцтва задаволена якасцю атрыманых паслуг, а не які каштарыс арганізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?