Тое, што гэтыя дзве навіны прагучалі амаль адначасова, падалося дурным жартам: адной рукой беларускія ўлады абвесцілі 2011 год «Годам прадпрымальнасці», а другой Аляксандр Лукашэнка пагражае выгнаннем з Беларусі «Danone-Юнімілк».

Вось такая «прадпрымальнасць»

Беларускія ўлады апошнія пару гадоў толькі і займаліся тым, што спрабавалі стварыць прыцягальны імідж краіны ў вачах інвестара. Беларускія прадстаўнікі калясілі па міжнародных эканамічных канферэнцыях, інвестыцыйныя форумы ладзіліся і самой Беларуссю ў Менску, Лондане і Франкфурце-на-Майне.

Бывала нават так, што высілкі па стварэнню іміджу набывалі і заканатворчую форму дзеля павышэння месца Беларусі ў міжнародных рэйтынгах.

І трэба ж было ў такі крытычны час узяць і прагучаць навінам, якія ў стане перакрэсліць гэтую карпатлівую працу, выкінуць на сметнік плён даўгіх старанняў.

Беларуская ўлада ў самы нязручны момант па-хамску пагражае замежнаму інвестару, а перад тым напалохала інфармацыйную прастору ўвядзеннем дзяржаўнага кіравання на прыватным «Пінскдрэве».

Пра перабіранне бульбы

Хтось запярэчыць: прадпрымальнасць прадпрымальнасцю (тым болей, год жа прадпрымальнасці, а не прадпрымальніцтва), а правы прыватнага інвестара (пагатоў багатага заморскага буржуя) палягаюць у тым, каб аддаваць свае грошы і «выконваць» хамаватыя «даручэнні» прэзідэнта Лукашэнкі.

Але прыватны бізнес бывае не толькі дробны, але і вялікі, і замежны таксама. І каб уласнае дробнае беларускае прадпрымальніцтва некалі вырасла да сярэдняга і буйнога, трэба з павагай ставіцца да любога прыватнага прадпрымальніцтва.

Дзяржава не мусіць умешвацца ў справы прыватнае кампаніі ды не павінна камандаваць, што ёй рабіць з тым няшчасным малаком, куды і колькі яго прадаваць і наколькі глыбока яго перапрацоўваць (забаўна, як у дачыненні да малака з вусатых вуснаў беларускай дзяржавы гучыць звыклая нафтавая тэрміналогія).

Дзяржава ўвогуле не мусіць удавацца ў такія дэталі эканомікі, як вытворчасць малака, выраб зэдлікаў ці там перабіранне бульбы, як у тым вядомым пра яе, дзяржаву, анекдоце. Стварыце людзям спрыяльныя ўмовы для працы на беларускім рынку і стварэння рабочых месцаў вашым людзям, сачыце, каб яны нароўні з усімі выконвалі законы — і ўсё.

Раз малако недастаткова глыбока перапрацоўваецца, значыць гэта нявыгадна рабіць. Раз гэта нявыгадна рабіць, значыць прымушаць да гэтага прадпрымальніка — усё роўна што выпіхваць яго ў суседнюю краіну, дзе ён будзе працаваць так, як яму мэтазгодна. Хай нават і даўшы хабар.

Калі вы, нават будучы прэзідэнтам еўрапейскай краіны сярэдняга памеру, хочаце падпарадкаваць сабе законы рынку ці законы прыроды — рыхтуйцеся да расчаравання.

Што гэта было?

Вядома, на фоне рэабілітацыі звыклага вобразу лукашэнкаўскай Беларусі як дзяржавы, дзякуючы якой і дэмакратычная еўрапейская сям’я не застаецца без прыкрых выключэнняў, а пагатоў пасля з’яўлення рэальнай перспектывы эканамічных санкцыяў, наракаць на цкаванне прыватнага бізнесу і замежных інвестараў — тое самае, што плакаць па валасах, згубіўшы галаву. Беларусь не ў тым становішчы, каб гэтак грэбаваць адзінкавымі замежнымі інвестарамі, што прыйшлі ў краіну. Рэпутацыя, пагатоў у палахлівых інвестараў, будуецца цягам гадоў, а разбурыцца можа ад аднаго неасцярожнага жэсту, якіх за апошні час сабралася зашмат.

Аб прычынах такіх дзеянняў можна толькі здагадвацца. Наўрад ці беларускім уладам ужо не патрэбныя замежныя капіталаўкладанні, бо альтэрнатыўныя крыніцы для развіцця краіны так і не знайшліся (продаж усяго Расіі ці Кітаю? Супольныя праекты з Венесуэлай?).

Іншая версія, пра якую даводзілася разважаць раней, — гэта падрыхтоўка да маштабнага перадзелу дзяржаўнай маёмасці паміж набліжанымі да двара, удзелу ў якой замежных інвестараў сапраўды не прадугледжваецца.

Трэцяя версія — у асобы, пад якую заточанае кіраванне ўсімі ключавымі працэсамі ў Беларусі, здаюць нервы, і бяссільная злосць ад таго, што глеба сыходзіць з-пад ног, пераважвае рацыянальныя аргументы. То бок крытычныя памылкі працягваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?