У 1970-х аўтара ўспамінаў, сваяка Якуба Коласа абвінавацілі ў зьнішчэньні падчас Другой сусьветнай вайны 184 чалавек, сымпатыкаў савецкай партызанкі. І Дзьмітры Касмовіч ці жартам, ці сур’ёзна напісаў прэзыдэнту БЦР Астроўскаму пра той час: «Гэта так даўно было, што многае забылася».
Дзьмітры Касмовіч. За вольную і сувэрэнную Беларусь. Вільня: Gudas, 2006. - 224 с.
У Літве выдадзеныя ўспаміны грамадзкага дзеяча, кіраўніка Беларускага вызвольнага фронту на эміграцыі, зацятага антыкамуніста Дзьмітрыя Касмовіча (1909-1991).
Апісаны ў кнізе час ахоплівае 1920–1945 гг. Аўтар расказвае пра дзяцінства, праведзенае ў Нясьвіжы, вучобу ў Радашкоўскай гімназіі ды ад’езд за мяжу ў канцы 1920-х – праваслаўным нялёгка было ў тагачаснай Польшчы.
Касмовіч паехаў у Бэльгію, дзе вучыўся ў Льежскім унівэрсытэце і паралельна працаваў у капальнях. Затым перабраўся ў Бялград, дзе скончыў багаслоўскі факультэт, а з пачаткам Другой сусьветнай вайны вярнуўся ў Нясьвіж.
Саветы, якія прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, прызначылі Касмовіча «бурмістрам» гораду – так называе сваю пасаду аўтар успамінаў. Потым быў удзел у Народным сходзе ў Беластоку (прамова Касмовіча ёсьць у стэнаграме зьезду), у сэсіі Вярхоўнага савету СССР у Маскве, што аформіла уваходжаньне Заходняй Беларусі ў СССР , - і сустрэча са Сталіным, чалавекам, якога Касмовіч ненавідзеў больш за астатніх. Савецкія ўлады рэпрэсавалі ягоную матку за тое, што яна была шчыра аддадзена праваслаўнай веры. «Сталін выглядаў несамавіта, мізэрна. Давялося і мне паціснуць яму руку. Гэтую хвіліну я ніколі не забуду. Сэрца аблівалася крывёй, я быў напоўнены злосьцю і жаданьнем адкрыта, шчыра выказаць усё што ляжала на маёй душы, выліць усю злосьць за ягоныя праступствы над маім і іншымі паняволенымі народамі».
Жыцьцё Касмовіча чарговы раз кардынальна зьмянілася з прыходам новых акупантаў, немцаў. Ён арганізаваў менскую паліцыю, а ў лістападзе 1941 г. выехаў на Браншчыну і Смаленшчыну, дзе праводзіў беларусізацыю акругаў ды арганізаваў атрады самаабароны (Службу парадку). У функцыі паліцэйскіх фармаваньняў (Касмовіч называе іх Беларускае Краёвае Войска) ўваходзіла барацьба з партызанамі. У пачатку 1970-х Касмовіча абвінавацілі ў кіраваньні апэрацыяй па зьнішчэньні 184-х камуністаў у Касплянскім раёне. Праўда, ягоная віна так і не была даказана. Бо не ўдзельнічаў.
У 1944 г. Касмовіч апынуўся ў Нямеччыне, дзе ўзяў шлюб з пляменьніцай Якуба Коласа, дзяячкай Саюзу Беларускай Моладзі Надзеяй Міцкевіч. Між іншага, з народным паэтам Беларусі аўтар успамінаў пазнаёміўся ў 1940 г. Касмовіч зазначае, што дзядзька Колас моцна ненавідзеў бальшавікоў і ў выпадку вайны не зьбіраўся зьяжджаць зь Менску. 26 чэрвеня 1941 г. яго сілком вывезла на ўсход НКВД.
Пасьля вайны Касмовіч пасяліўся ў Штутгарце, дзе ўзначальваў Беларускі вызвольны фронт, Беларускую незалежніцкую партыю, браў удзел у безьлічы антыкамуністычных форумаў па ўсім сьвеце.
Але гэты пэрыяд жыцьця ў кнізе адсутнічае. Дз. Касмовіч не пасьпеў дапісаць успаміны, распачатыя ў 1986 г. Ён памёр 23 красавіка 1991 г. Чатыры месяцы не дажыў да абвяшчэньня незалежнасьці, так і не здолеўшы ажыцьцявіць мару свайго жыцьця – адведаць родныя мясьціны.
Рэдактар кнігі ў прадмове зазначае, што да ўспамінаў трэба падыходзіць крытычна. Так, выклікаюць пытаньні лічбы пра колькасьць жаўнераў Беларускага краёвага войска на ўсходзе Беларусі. Касмовіч сьцьвярджае, што іх было 100 тысяч. Але, відаць, гэтую лічбу трэба дзяліць як мінімум на дзесяць. Бо 100 тысяч, каб не абаранілі Беларусь ад савецкага наступу, то, прынамсі, затрымалі б на пэўны час. А так Чырвоная Армія ў лічаныя дні дайшла да Менску ў 1944 г.
Што да заўвагаў наконт кнігі. Зьвярнула ўвагу на сябе апошняя старонка кнігі, дзе пазначана, што кампутарны набор ажыцьцяўляў сам Дзьмітры Касмовіч. Альбо гэта рэдактарска-карэктарскі недагляд, альбо аўтар успамінаў у 1986 г. ішоў у авангардзе тагачаснай кампутарна-тэхнічнай думкі.
Тым ня менш кніга чытаецца вельмі лёгка, як дэтэктыў. Лёгка жыў, лёгка і пісалася.
Зьвяртайцеся да незалежных распаўсюднікаў, альбо на выставу ў сядзібе БНФ (Варвашэні, 8).
Каментары