Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі плануе выкарыстаць псеўдааб’ёмную дарожную разметку, паведамілі ва УДАІ МУС.

Гэта адна з навінак, прадугледжаных праграмай «Узаемаразуменне». Псеўдааб’ёмная разметка ўжо выкарыстоўвалася ў эксперыментальным парадку ў трох месцах на дарогах Мінска і Мінскай вобласці. У далейшым яе мяркуецца наносіць паблізу пешаходных пераходаў, астраўкоў бяспекі і іншых месцаў, дзе найбольш верагодныя ДТЗ.

Як растлумачылі ў ДАІ, гэты від разметкі наносіцца звычайнымі фарбамі белага, жоўтага і чырвонага колераў. Аднак малюнак робіцца пад такім вуглом, што ствараецца трохмерны эфект: з месца кіроўцы здаецца, што разметка нібыта прыпаднятая над дарогай. Кіроўца мімаволі скіне хуткасць, убачыўшы такую маркіроўку.

Праграма «Узаемаразуменне» была запушчаная ДАІ ў пачатку 2011 года. У яе межах плануецца выкарыстоўваць такія інавацыі, як сімвалічная разметка «зебра» ў падземных пераходах, налепкі для кіроўцаў, якія гавораць пра іх грамадзянскую пазіцыю: «Я заўсёды прапускаю пешаходаў», «Я не падрэзаў», «Я не паркуюся ў зялёнай зоне» і г.д.

Праграма прадугледжвае таксама актыўнае прыцягненне да вырашэння многіх праблем пешаходаў. Напрыклад, звароты да іх будуць размяшчацца на кошыках у супермаркетах, на рэкламных шчытах, у пешаходных зонах.

Акрамя таго, дарожная міліцыя падрыхтавала больш за 30 аўдыёролікаў для радыё, у якіх у даступнай форме расказваецца пра правілы дарожнага руху. Распрацаваная таксама кампутарная праграма па дарожным руху для дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?