Міліцыянты ўжо другі раз затрымліваюць Барыса Хамайду зь бел-чырвона-белым сьцягам, вінавацячы ў несанкцыянаваным пікетаваньні, а судзьдзі прызнаюць, што пікету не было.

Судовую справу апазыцыянэра, затрыманага за тое, што 7 лютага ў цэнтры гораду Барыс Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу пад вялікім бел-чырвона-белым сьцягам, разьбірала судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук.

Міліцыянты склалі на Барыса Хамайду пратакол за парушэньне артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства — за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. Але судзьдзя скасавала справу, бо ня ўбачыла ў дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня.

Аналягічная сытуацыя ў Чыгуначным райсудзе ўжо была. 4 лютага іншая судзьдзя, Алена Цыганкова, таксама апраўдала апазыцыянэра, якога затрымалі зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Барыс Хамайда нагадаў, што ў дзень першага затрыманьня, 3 студзеня, ён абвясьціў бестэрміновую акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. Тады ён прастаяў пад сьцягам каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна — усяго пару хвілін: яго затрымалі амаль адразу.

Цяпер, мяркуе спадар Хамайда, міліцыянты распрацавалі новую тактыку: штораз завозіць яго ў пастарунак, далей ад вачэй мінакоў — каб тыя ня бачылі бел-чырвона-белага сьцяга.

Апраўдальная судовая пастанова на супрацоўнікаў міліцыі ня дзейнічае: яны ўсё адно складаюць пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне. Барыс Хамайда кажа, што будзе працягваць акцыю, нягледзячы на любы ціск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?