У Беларусі ўводзіцца новая форма звароту грамадзян — электронная, прадугледжаная законапраектам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве юстыцыі.

Законапраект накіраваны на комплекснае і сістэмнае рэгуляванне парадку рэалізацыі грамадзянамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі права на зварот у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі для абароны іх правоў, свабод і законных інтарэсаў. Акрамя прадугледжаных дзеючым заканадаўствам пісьмовай і вуснай форм, праектам закона ўводзіцца электронная форма зваротаў. Новаўвядзенне абумоўлена тым, што ў дзеючым заканадаўстве аб зваротах грамадзян адсутнічае рэгуляванне такой формы. У той жа час у многіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый ёсць афіцыйныя інтэрнэт-сайты, электронныя адрасы, і на практыцы электронная форма зваротаў атрымала шырокае прымяненне.

Адным з новаўвядзенняў праекта закона па арганізацыі асабістага прыёму стане і прадастаўленне права па рашэнню кіраўніка дзяржаўнага органа, арганізацыі прымяняць пры ажыццяўленні асабістага прыёму тэхнічныя сродкі (аўдыя- і відэазапіс, кіна- і фотаздымку). Пры ўмове, што заяўніку будзе паведамлена аб прымяненні тэхнічных сродкаў да пачатку прыёму. Гэта норма накіравана як на абарону правоў грамадзян, так і інтарэсаў дзяржаўных органаў, арганізацый, паколькі дасць магчымасць выключыць бяздоказныя спасылкі на злоўжыванні ў ходзе правядзення асабістага прыёму службовымі асобамі. Яшчэ адной навацыяй праекта закона стане заканадаўчае замацаванне права заяўніка адклікаць свой зварот у любы час да разгляду звароту па сутнасці.

Зварот у дзяржорганы або іншыя арганізацыі можа быць пададзены на адной з дзяржаўных моў: беларускай ці рускай. Законапраектам прадугледжваецца, што пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту.

Міністэрства юстыцыі сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі на працягу 2008–2010 гадоў праводзіла работу над падрыхтоўкай законапраекта «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Закон Беларусі «Аб зваротах грамадзян» прыняты яшчэ ў 1996 годзе і з таго часу практычна не карэкціраваўся, праінфармавалі ў Мінюсце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?