Расейскія спэцслужбы распаўсюдзілі інфармацыю пра нібыта згоду Амэрыкі і Вялікабрытаніі на акупацыю балтыйскіх краінаў на пачатку Другой сусьветнай вайны. Літоўскія гісторыкі называюць гэта правакацыяй з мэтай пасварыць новыя краіны Эўразьвязу і НАТО.

Расейская служба замежнай выведкі, абапіраючыся на рассакрэчаныя дакумэнты, сьцьвярджае, што НКВД валодала пэўнай інфармацыяй пра настроі ЗША і Вялікабрытаніі наконт савецкай агрэсіі супраць краінаў Балтыі. Паводле інфармацыі расейскіх спэцслужбаў, Захад зьмірыўся з гэтым фактам, уважаючы СССР меншым злом у параўнаньні з гітлераўскай Нямеччынай. Нібыта ляяльныя да Нямеччыны рэжымы балтыйскіх краінаў маглі спрычыніцца да разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі нямецкіх вайсковых злучэньняў. Саветы, апярэдзіўшы гэтыя пляны шляхам анэксіі Літвы, Латвіі, Эстоніі, выратавалі Эўропу ад фашызму.

Літоўскія гісторыкі катэгарычна ня згодныя з такім меркаваньнем. Дактары гістарычных навук Чэславас Лаўрынавічус ды Арвідас Анушаўскас лічаць, што такім чынам расейцы хочуць уцягнуць іх у непатрэбную дыскусію. «Ні ЗША, ні Вялікабрытанія ніколі не прызнавалі акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі. Праблема ж Расеі ў тым, што там ігнаруюць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі» – кажуць літоўскія адмыслоўцы. Мэтай гэтай правакацыі, магчыма, ёсьць спроба пасварыць новыя краіны Эўразьвязу і НАТО, а таксама пасяліць недавер да Амэрыкі і Ангельшчыны.

Рэакцыя літоўцаў на заявы расейскіх спэцслужбаў выразна адлюстоўваецца ў выніках сацыялагічнага апытаньня: Расея ўзначальвае сьпіс найбольш непрыхільных да Літвы краінаў (61%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?