Яны аддзяліліся ад Партыі БНФ, на выбарах падтрымлівалі Саннікава.

11 лютага ў Мінску быў створаны аргкамітэт новай палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку. Яе працоўная назва — «Беларускі Рух».

Паседжанне адбылося ў сядзібе незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.
Тамсама ў часе выбараў адбываліся публічныя імпрэзы Андрэя Саннікава. Невыпадкова: адзін з арганізатараў новай партыі, Віктар Івашкевіч, быў адной з цэнтральных фігур у штабе Саннікава. А моладзь з фракцыі на чале з Франакам Вячоркам брала ў кампаніі Саннікава чынны ўдзел.
На сход у прафсаюзнікаў сабралася пад сотню чалавек. Сярод іх адзін з заснавлаьнікаў Партыі БНФ прафесар Юрый Хадыка, ветэраны руху за незалежнасць Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка і сын апошняга Франак, былая сакратарка старшыні Вярхоўнага Савета Валянціна Свяцкая, палітолаг Вацлаў Арэшка, архітэктарка Ірына Лаўроўская з Берасця, інжынер Аляксандр Мех з Кобрына.

Рухавіком новай партыі сталі асабістыя матывы. Адны з ініцыятараў нязгодныя з курсам на саюз з Мілінкевічам, які праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Партыі БНФ. Другія супернічалі з людзьмі Янукевіча-Мілінкевіча на месцах.

У якасці працоўнай назвы новай партыі абраны выраз «Беларускі Рух».
Яе мэты патлумачыў для радыё «Свабода» Віктар Івашкевіч: «У сувязі з тым, што афіцыйны кандыдат на прэзідэнта ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у апошнія месяцы зрабіў шэраг заяваў, з якімі мы не можам пагадзіцца: падчас прэзыдэнцкай кампаніі замест крытыкі Лукашэнкі выступіў з крытыкай сваіх калегаў па барацьбе з рэжымам, выступіў з артыкулам, дзе заявіў, што Лукашэнка выконвае праграму БНФ, і ён спадзяецца, што Коля Лукашэнка прачытае падораны ім буквар і стане ў перспектыве „харошым“ кіраўніком дзяржавы. У сувязі з тым, што сп. Кастусёвым было дадзенае недарэчнае інтэрв’ю на Беларускім тэлебачанні ў той час, калі ўсе кандыдаты на прэзідэнта сядзелі ў турме. У сувязі з тым, што Кастусёў заявіў, што ён супраць эканамічных санкцыяў, калі ўсе дэмакратычныя сілы выступаюць за максімальна магчымы ціск на рэжым з мэтай вызвалення палітвязняў. Улічваючы гэта, мы вырашылі стварыць асобную палітычную партыю».
Партыя стане яшчэ адным са шматлікіх аргкамітэтаў, часам віртуальных, што фігуруюць на палітычнай арэне.
Яны існуюць як у кааліцыі, блізкай да Мілінкевіча, так і ў процілеглым кангламераце сілаў, саюзных з партыяй «Справядлівы свет» Калякіна і кампаніяй «Гавары праўду». Працэс драблення палітычных сілаў працягваецца ў часе, калі 52 асобы праходзяць па крымінальнай справе аб «беспарадках».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?