13 лютага тэлеканал «Лад» прадставіць гледачам новы фармат праграмы пра надвор’е. Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, праект «Навіны надвор’я» зменіць у вячэрнім эфіры нядзельны выніковы выпуск праграмы «Тэлебарометр».

Новы праект зменіць імідж, графіку, сюжэты, падачу матэрыялу, нязменнымі застануцца толькі тэма надвор’я і вядучая праекта Святлана Панкратава.

У адрозненне ад «Тэлебарометра», які здымаўся ў Батанічным садзе, штотыднёвая выніковая праграма «Навіны надвор’я» будзе выходзіць у студыі навінаў. Гэта абумоўлена не толькі агульным абнаўленнем канцэпцыі, але і пашырэннем спектра пытанняў. Так, у новым праекце з’явіцца інфармацыя пра надвор’е не толькі ў абласцях, але і ў райцэнтрах. Апрача традыцыйных рубрык будуць выходзіць і сюжэты карэспандэнтаў. Тэлегледачам раскажуць аб уплыве надвор’я на здароўе чалавека, народных прыкметах і месяцавым календары, дадуць сезонныя рэкамендацыі па пасадцы і зборы ўраджаю. Летам плануецца паведамляць аб надвор’і на папулярных курортах.

Зменіцца таксама графічная ўпакоўка праграмы, у якой будуць абыгрывацца чатыры пары года, і вобраз самой вядучай. Апрача таго, рэдакцыя «Навінаў надвор’я» «плануе ўстанавіць больш цесны кантакт са сваёй аўдыторыяй і пры стварэнні выпускаў максімальна ўлічваць пажаданні тэлегледачоў».

***

«Тэлебарометр» выходзіў у эфір ад 1997 г. і быў улюбёнай перадачай многіх гледачоў на беларускім тэлебачанні.

Праграма распавядла не толькі пра надвор'е, але і пра кліматычныя тэндэнцыі. Цудоўнай рубрыкай быў "Народны каляндар" пра народныя традыцыі, звычаі і прыкметы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?