У Менску ўручылі ўзнагароды ляўрэатам прэміі «Люблю Беларусь». Штогадовую прэмію «Люблю Беларусь» заснаваў «Малады фронта», сёлета яна ўручаецца другі раз.

Сёлетнімі ляўрэатамі сталі:

У намінацыі «Беларусізацыя» — Беларуская Вікіпэдыя.

Беларуская вікіпэдыя была намінаваная без падзелу на клясычны і афіцыйны правапісы, за альтруістычную працу людзей у галіне беларусізацыі і беларушчыны.

«Журналістыка» — журналіст Зьміцер Лукашук.

Зьміцер Лукашук — той журналіст, які задаў на пасьлявыбарчай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра знаходжаньне экс-кандыдата Уладзіміра Някляева. Лукашэнка і на пытаньне адказаў, і дапусьціў агаворку «мы вам такіх падарункаў больш ня зробім» у сувязі з тэмай зьніклых палітыкаў. Гэтая ўзнагарода таксама й адзнака працы каманды Эўрапейскага радыё для Беларусі, адзначаюць арганізатары.

«Культура» — Лявон Вольскі

«Цыкль актуальнай грамадзкай сатыры ў выглядзе прыпевак Саўкі ды Грышкі ад Лявона Вольскага, якія цягам году можна было чуць у этэры Радыё «Свбода», увойдзе ў гісторую беларускага культурнага супраціву. Хіба зможам мы цяпер уявіць нашу музычную спадчыну бяз шадэўральнага «Завідуйце, Масква, Пякін і Кіеў! К нам прылятае Курманбек Бакіеў»? :)« — тлумачаць узнагароду Лявона Вольскага арганізатары. Таксама музыка летась выпусьціў складанку «Белая яблыня грому», якую арганізатары назвалі «унікальнай».

«Pro-Belarus» — Марыя Содэрбэрг

Марыя Содэрбэрг — швэдзкая журналістка і фатограф, арганізатарка штогадовых «Швэдзкіх дзён» у Беларусі, на якіх выступаюць беларускія і швэдзкія літаратары, праходзяць канцэрты і кінапаказы. Аналягічныя літаратурныя імпрэзы праходзяць і ў Швэцыі. Содэрбэрг таксама адна з рэдактарак і заснавальнікаў адмысловага сайту пра беларуска-швэдзкія кантакты, культурныя праекты, гісторыю ўзаемінаў нашай краіны з Швэцыяй. Яна арганізавала выставы, прысьвечаныя Беларусі, напісала кнігу «Падарожжа ў Беларусь», кіравала суполкай «Беларусь», зьняла фільм «49», прысьвечаны беларускім шахтарам.

«Палітыка» — Уладзімер Някляеў

«2010 палітычны год прайшоў пад сьцягам Някляева, адзначаюць арганізатары. І калі да прыступкі выбітнага паэта ён ішоў усё сваё жыцьцё, дык стаць адным з найбуйнейшых паліткаў Беларусі Някляеў здолеў літаральна за год. Узнагародай таксама адзначаецца дзейнасьць тых людзей, якія актыўна дапмагалі яму ў яго справе, а цяпер, як і сам Уладзімір, церпяць ад аўтарытарнага рэжыму».

«Спорт» — Віталь Гуркоў

«Беларускі баец Віталь Гуркоў стаў пераможцам супэртурніру К-1 World Max ва Ўсходняй Эўропе, даказаўшы што ў беларусах ёсьць моцны байцоўскі ген. Але найбольш наш баксёр уразіў усіх сваім выдатным валоданьнем беларускай мовы, на якой ён лёгка і нязмушана адразу пасьля бою даваў інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню».

«Грамадзкая чыннасьць» — Беларускі Хельсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна», асабіста Алесь Бяляцкі і Алег Гулак

«Дэмакратычныя выбары могуць мець месца толькі пры наяўнасьці пільнага кантролю з боку грмадзтва. Менавіта такі кантроль наладзілі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру „Вясна“ і Беларускага Хэльсінскага Камітэту па правах чалавека, стварыўшы кампанію „Праваабаронцы за свабодныя выбары“».

«Змагар году» — палітвязьні 19 сьнежня

«Гэта тыя дзясяткі людзей, каторыя трапілі і дагэтуль знаходзяцца за кратамі ў выніку брутальнага разгону акцыі 19-га сьнежня. Гэта тыя людзі, каторыя і зараз патрабуюць нашае падтрымкі і салідарнасьці».

Намінанты атрымалі дыплёмы і кветкі. Арганізатары паабяцалі ўручыць і статуэткі пасьля таго, як тыя «вызваляць» з КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?