25 лістапада, у дзень народзінаў Казуліна, барысавец каля сьценаў калёніі «Віцьба-3», дзе зьняволены экс-кандыдат, гучна пракрычаў «Свабоду палітвязьням! Свабоду Казуліну! Лукашэнку – за краты!» і тут жа быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў АУС Віцебскага раёну.

Судзьдзя Міхаіл Зубеня палічыў, што Аляксандар Абрамовіч «арганізаваў і правёў несанкцыянаваны мітынг». У зьвязку з тым, што сёлета барысаўскі актывіст прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, суд вырак яго на 15-сутачны арышт.

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва А.Абрамовіча весьці паседжаньне па-беларуску, патлумачыўшы гэта тым, што «паважае беларускую мову, але надта даўно на ёй не размаўляў» і баіцца яе сказіць».

З апоўдня мінулай суботы, 25 лістапада, Абрамовіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня УУС Віцебскага аблвыканкаму. Свой учынак каля калёніі «Віцьба-3» ён патлумачыў наступным чынам: «Я правёў гэтую акцыю, таму што здароўе Казуліна ў небясьпецы. Трэба прыцягнуць увагу ўсяго грамадзтва да ягонай галадоўкі. Да таго ж, я лічу, што такія акцыі павінны праводзіць менскія і віцебскія дэмакраты, а ня я – езьдзіць для гэтага з Барысава ў Віцебск».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?