Маладафронтаўцы абвінавачваюцца ў хуліганстве, але многае паказвае на тое, што гэта была інсцэнізаваная правакацыя.
12 лютага адбылася вочная стаўка сведкі па справе маладафронтаўцаў Дзяніса Лазара з пацярпелымі Малышавым і Савіцкім. Сведчанні Лазара адрозніваліся ад таго, што казалі Савіцкі і Малышаў. Апошні заявіў, што Дашкевіч распачаў бойку. Лазар жа адзначае, што менавіта Малышаў першым ударыў Змітра нагой у жывот.
Савіцкі ж засведчыў што Эдуард Лобаў, намагаючыся ўдарыць яго ў твар, трапіў у плячо. І нацягнуўшы шапку Савіцкаму на твар, ударыў яго «фомкай» па галаве.
Дзяніса Лазара азнаёмілі з экспертызаю «фомкі». На ёй знойдзена мноства невыяўных адбіткаў пальцаў. Па словах следчага, старэйшага лейтынанта Аляшкевіча, дакладная экспертыза можа цягнуцца паўтара года.
Кіраўніка незарэгістраванага Маладога фронту Змітра Дашкевіча разам з сябрамі арганізацыі Дзянісам Лазарам і Эдуардам Лобавым затрымалі 18 снежня па «падазрэнні ў хуліганстве». Па версіі следства, маладафронтаўцы збілі двух чалавек. Падазрэнні з Дзяніса Лахзара былі знятыя: ён праходзіць у якасці сведкі. Згодна ў Крымінальным кодэксам Дашкевічу і Лобаву пагражае абмежаванне свабоды ад трох да пяці гадоў альбо пазбаўленне свабоды да дзесяці гадоў.